Каляндар падзей

24 жніўня 1572 г. на з’ездзе сенатараў у Кнышыне Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка заявіў, што Вялікае Княства Літоўскае будзе дамагацца вяртання сабе Падляшша, Валыні, Кіеўшчыны і Брацлаўшчыны. Гэтыя землі ВКЛ страціла падчас Люблінскага сойму 1569 г. Рашэннем караля Жыгімонта ІІ Аўгуста яны незаконна былі перададзены ў склад Польскага Каралеўства. М. К. Радзівіл Сіротка меў на Падляшшы значныя ўладанні, але, як і большасць літвінскіх магнатаў, адмовіўся прыбыць у Люблін каб прынесці прысягу на вернасць польскай кароне. Ён зрабіў гэта толькі пад пагрозай канфіскацыі падляшскіх маёнткаў. Люблінскую унію, подпіс пад актам якой князь паставіў 1 ліпеня 1569 г., ён ацэньваў негатыўна і называў гэты саюз дзвюх дзяржаў “няшчасным”. Нейкі час, разам з Янам Хадкевічам, Сіротка выношваў планы абрання ў ВКЛ асобнага манарха і вяртання княству страчаных земляў. Але гэтыя намеры так і не былі здзейснены. Тэрыторыя княства засталася зменшанай амаль на 200 тысяч км2, а магнаты паступова паланізаваліся і ўсведамлялі сябе часткай адзінага шляхецкага народа Рэчы Паспалітай.