Каляндар падзей

25 жніўня 1568 г. 33-гадовы ўладальнік Міра Юрый Іллініч, не маючы ўласных дзяцей, усынавіў 19-гадовага Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіротку. З Радзівіламі Іллінічаў звязвалі даўнія сваяцкія сувязі. Юрый, які быў сынам Шчаснага Іллініча і Соф’і Радзівіл, рана страціў бацькоў і ў маленстве выхоўваўся пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага, свайго дзядзькі і апекуна. Менавіта апошні спрыяў таму, што ў 1555 г. Ю. Іллініч атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі тытул “графа на Міры” і ў далейшым неаднаразова дапамагаў яму фінансава. Будучы цяжка хворым граф, які не меў жонкі, усынавіў стрыечнага брата да якога ў 1569 г., пасля смерці “прыёмнага бацькі”, перайшлі немалыя ўладанні: 4 горада і звыш 50 сёлаў. Радзівіл Сіротка атрымаў Мір з Жухавічамі, Зэльву, Дворышча, Чарнаўчыцы, Белую; права прызначаць святара касцёла святой Барбары ў Берасці, а таксама – графскі тытул. У выніку нясвіжскія ўладанні князя злучыліся з Мірскім графствам, ствараючы вялізную латыфундыю, якая межавала з Клецкім княствам – уласнасцю Альбрыхта Радзівіла. Такім чынам у заходняй Беларусі пачала фарміравацца сваеасаблівая “радзівілаўская дзяржава”.

25 жніўня 1915 г. камандуючаму 3-й расійскай арміяй генералу Леаніду Леш у Быцень была накіравана тэлеграма: “Сябра Дзяржаўнай Рады граф Веляпольскі хадатайствуе, каб горад Нясвіж і замак у ім княгіні Радзівіл не былі спалены загадам расійскай ваеннай улады. Вярхоўны Галоўнакамандуючы даў распараджэнне выканаць гэту просьбу, прыняўшы меры да захавання. Галоўнакамандуючы загадаў прыняць пададзенае да няўхільнага выканання”. Тэлеграма была адпраўлена падчас Вялікага адступлення расійскіх армій, якія пакідалі Польшчу, Літву і частку Беларусі. Пры гэтым расійскае камандаванне праводзіла тактыку выпаленай зямлі, разлічваючы такім чынам выклікаць патрыятычны ўздым і запаволіць прасоўванне непрыяцеля. Тэрыторыя, з якой сыходзілі войскі, “павінна быць ператворана ў пустыню, то бок – ачышчана як ад насельніцтва, так і ад усяго, што можа ўяўляць значнасць для ворага”. Так цалкам быў спустошаны і зруйнаваны Брэст. У канцы жніўня пачалася эвакуацыя маёмасці і дзяржаўных службоўцаў з Нясвіжа. З радзівілаўскага архіва былі вывезены найбольш каштоўныя дакументы, а калекцыя гармат перададзена на захаванне ў Маскву. Але ў цэлым ад вайны палац не пацярпеў. Ні расіяне, ні пазней немцы, не нанеслі яму істотнай шкоды.

VII Мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя

25.08.2017

VІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў і студэнтаў “Ваенная гісторыя дома Радзівілаў  (да 270-годдзя заснавання...  падрабязна »