Каляндар падзей

26 жніўня 1680 г. асвячоны касцёл Святога Яна Хрысціцеля пры кляштары дамініканцаў паблізу ратушы. Пляц для будаўніцтва храма і кляштара выдзеліў VI нясвіжскі ардынат Міхал Казімір Радзівіл (паводле Ул. Сыракомлі раней на гэтым месцы стаяў палац мальтыйскага рыцара Жыгімонта Караля Радзівіла). Сродкі на будаўніцтва касцёла ў памеры 16 000 злотых ахвяраваў смаленскі падстолі Базыль Баканоўскі. Партрэты фундатараў знаходзіліся ў храме над уваходам у рызніцу. У алтары захоўваўся абраз Маці Божай Ружанцовай, які лічылі цудадзейным. Пасля таго, як быў скасаваны ордэн езуітаў (у 1773 г.) ксяндзы-дамініканцы абслугоўвалі ўсю нясвіжскую парафію. У апошнія гады існавання касцёла Яна Хрысціцеля яго парафія лічылася адной з буйнейшых у Мінскай губерніі. Да яе належалі жыхары Нясвіжа, 75 навакольных вёсак і 7 двароў. У 1860-я гг. касцёл быў зачынены. У кляштары яшчэ нейкі час жылі манахі, а пазней размясцілася настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся Адам Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны, іншыя выдатныя дзеячы. Будынкі былі пашкоджаныя падчас Другой сусветнай вайны і пасля разбураныя. Цяпер на месцы касцёла знаходзіцца магазін агракамбіната “Сноў”.