Каляндар падзей

27 жніўня 1750 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІІ выдаў у Варшаве прывілей, якім дазволіў аднавіць у Нясвіжы дзейнасць друкарні і ўраўняў яе ў правах з дзяржаўнымі. Ініцыятыва аднаўлення друкарні сыходзіла ад ІХ нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра Радзівіла, які шмат зрабіў для вяртання гораду былой велічы і безумоўна ведаў, што ў XVI ст. Нясвіж быў адным з цэнтраў кнігадрукавання на беларускіх землях. Спачатку друкарня размясцілася ў радзівілаўскім палацы. Паводле Ул. Сыракомлі, тут было выдадзена дзве кнігі і некалькі брашур. Але верагодна, існаванне друкарні ў княжацкай рэзідэнцыі стварала для яе гаспадароў некаторыя нязручнасці. Таму у наступным годзе Міхал Казімір Радзівіл перадаў яе ў распараджэнне езуіцкага калегіума. Ад гэтага часу яна афіцыйна называлася “DrukarniaRadziwi??owskaSoc. Jesu” (Радзівілаўская друкарня таварыства Ісуса). За 40 гадоў існавання ў ёй было выдадзена каля 70 твораў разнастайнай тэматыкі: рэлігійных, палемічных, навучальных на польскай і лацінскай мовах.