Каляндар падзей

3 жніўня 1727 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІ Моцны ў дзень сваіх імянін зладзіў прыём для кавалераў ордэна Белага Арла. Сярод гасцей быў і Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька, які атрымаў узнагароду за дзень да таго. Ордэн Белага Арла быў заснаваны ў 1705 г. Першапачаткова ён уяўляў сабою шыйны медальён, пазней – васьміканцовы мальтыйскі крыж з накладзенай выявай арла. Узнагарода стала першай і вышэйшай дзяржаўнай адзнакай Рэчы Паспалітай. Дэвізам ордэна былі словы “ProFide, RegeetLege” (“За веру, караля і закон”). Ордэнскае свята прымяркоўвалася да дня імянін пануючага караля. Менавіта за асабістую адданасць Аўгусту ІІ і яго заўсёдную падтрымку М. К. Радзівіл і атрымаў ўзнагароду. У дзённіку князь адзначыў: “Вялікая ласка Панская, што як старасту Перамышльскаму ахвяраваў свой ордэн, калі дагэтуль толькі сенатарам і ўраднікам яго давалі. Старастаў нас толькі двух тую прамоцыю маем: я і Любамірскі, Упіцкі стараста”. Цікава, што яго бацька, Караль Станіслаў, быў сярод пяці першых кавалераў ордэна. Усяго з 1705 да 1795 г. ордэнам Белага Арла было ўзнагароджана каля 900 асоб. Сярод іх 11 прадстаўнікоў дома Радзівілаў.