Каляндар падзей

30 жніўня 1503 г. арда крымскіх татар пад камандаванне хана Біці-Гірэя пераправілася праз Прыпяць і ў той жа дзень імклівым маршам дасягнула Слуцка і Капыля. Слуцкі князь толькі выпадкова даведаўся пра напад. З царквы Святога Юрыя ён убачыў як наезнікі хапаюць у палон жыхароў зарэчнай часткі горада. З невялікім  гарнізонам Сямён Слуцкі паспеў зачыніцца ў крэпасці і паслаў па дапамогу да вялікага князя. Татары сталі лагерам каля горада і распусцілі ва ўсе бакі атрады для рабунку і захопу палонных. У “Хроніцы Быхаўца” сказана: “Татарове ж пайшлі ў загоны ў зямлю і ваявалі каля Клецка і Нясвіжа і былі не даходзячы шасці міляў да Наваградка… Многія гарады і вёскі спалілі, і нечуванае кровапраліццё хрысціянам сатварылі, і з вялікім палонам і здабычай сабраліся каля Слуцка. І без ніякай шкоды ўсе ў цэласці назад вярнуліся”. Дапамога ад вялікага князя прыйшла запознена і нічым не змагла перашкодзіць нападнікам. Гэта летапіснае паведамленне з’яўляецца адной з нешматлікіх згадак пра гісторыю Нясвіжа дарадзівілаўскіх часоў.

30 жніўня 1759 г. Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку (1734 – 1790, Х нясвіжскі ардынат у 1762 – 1790 гг.) быў намініраваны на генерал-лейтэнанта арміі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта званне стала вяршыней ваеннай кар’еры Караля Станіслава, якая пачалася калі яму было… восем гадоў. У верасні 1742 г. хлопчык атрымаў пад сваё фармальнае камандаванне пяцігорскую харугву войска ВКЛ. У 1751 г. ён стаў “другім палкоўнікам” палка вялікага гетмана літоўскага. У дваццацігадовым узросце Караль атрымаў патэнт на званне генерал-маёра, а ў сакавіку 1759 г. прыняў пад сваё камандаванне гусарскую харугву вялікакняскага войска. Нягледзячы на такі імклівы ўзлёт (генерал-лейтэнант у 25 гадоў) К. С. Радзівіл нічым не праявіў сябе як ваеначальнік і ў баях не ўдзельнічаў. Пасля смерці бацькі – вялікага гетмана Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі – вайсковая кар’ера Пане Каханку ўвогуле спынілася. Усе яго намаганні атрымаць гетманскую булаву аказаліся марнымі і прывялі толькі да канфлікту з магнатэрыяй Рэчы Паспалітай.