Каляндар падзей

4 жніўня 1594 г. у Нясвіжы нарадзіўся Аляксандр Людвіг Радзівіл, малодшы сын Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі і Эльжбеты Яўфіміі Вішнявецкай, ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, Vнясвіжскі ардынат у 1636 – 1654 гг. На чале ўласнай харугвы А. Л. Радзівіл удзельнічаў у паходзе пад Хоцін (1621 г.) і Смаленскай выправе (1633 г.) дзе біўся з турэцкімі і маскоўскімі войскамі. Займаў пасады стольніка (з 1626 г.), крайчага (1630 г.), маршалка дворнага (1635 г.) і вялікага (1637 г.), берасцейскага ваяводы (1631 г.), старасты слонімскага (1635 – 1644) і ўпіцкага (1644 – 1652). Неаднаразова абіраўся паслом на соймы. Фундаваў шэраг каталіцкіх храмаў. У тым ліку касцёл Святога Крыжа ў Нясвіжы. Перанёс сваю рэзідэнцыю бліжэй да сталіцы, у Белую (на Падляшшы), дзе пабудаваў замак, які на працягу палутара стагоддзяў складаў канкурэнцыю нясвіжскаму. Таксама меў палац у Варшаве. У Нясвіжы пры ім былі збудаваны мураваныя карпусы замка, якія замянілі драўляныя прыбудовы каля ўязной брамы, якія адзначаюцца ў інвентары 1658 г. Памёр падчас вандроўкі ў Італію, у 1654 г. Пахаваны ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела.

4 жніўня 1680 г. адбыўся ўрачысты ўезд у Рым Міхала Казіміра Радзівіла. Гэта падзея адлюстравана на карціне галандскага мастака Пітэра ван Блумена, якая знаходзіцца ў палацы Браніцкіх у Варшаве. Князь выправіўся ў замежную паездку ў ліпені 1679 г. па даручэнні караля Яна ІІІ Сабескага. Ён павінен быў дамагацца стварэння антытурэцкай кааліцыі, куды б увайшлі заходнееўрапейскія краіны, Маскоўская дзяржава і Рэч Паспалітая. Дзеля гэтага князь атрымаў паўнамоцтвы на правядзенне перамоваў з баварскім электарам, князямі Фларэнцыі, Пармы, Мантуі і Мадэны. Меркавалася таксама атрымаць падтрымку імператара Леапольда І, кіраўніцтва Венецыянскай рэспублікі і Ватыкана. З канца мая 1680 г. князь знаходзіўся ў Рыме, але толькі на пачатку жніўня арганізаваў свой уезд у Вечны Горад, пасля чаго ад імя караля нанёс візіт Папу Інакенцію ХІ і ўручыў яму даверчыя лісты. Радзівіл не шкадаваў сродкаў на прадстаўнічыя мэты, асаблівы на шыкоўныя ўезды ў Вену і Рым. Усяго падчас падарожжа ім было выдаткавана звыш 600 тысяч злотых. Нягледзячы на гэта, місія не мела поспеху. У Вене не зацікавіліся прапановамі манарха Рэчы Паспалітай. У Венецыю Міхала Казіміра, разам са світай, нават не ўпусцілі, спасылаючыся на карантын з нагоды эпідэміі. Вяртаючыся на радзіму князь моцна захварэў і памёр 14 лістапада 1680 г. у Балоньі.

4 жніўня 1786 г. у Белай нарадзіўся Дамінік Геранім Радзівіл, ХІ нясвіжскі ардынат, сын Вінцэнта Гераніма і Соф’і Фрыдэрыкі Дароты Турн-Таксіс, унук Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Пасля смерці бацькі і дзядзькі Караля Станіслава, чатырохгадовы Дамінік стаў спадчыннікам вялікіх уладанняў. Але ў Нясвіж ён прыехаў толькі ў 1805 г., да таго часу ардынацыяй кіравалі апекуны. Яе эканамічнае становішча аказалася надзвычай складаным і абцяжараным пазыкамі. Нягледзячы на гэта, князь жыў на шырокую нагу, траціў вялікія грошы на жанчын і забавы, а стайня пры нясвіжскім палацы, дзе ўтрымлівалася каля 300 коней, уражвала сучаснікаў сваей раскошай. У 1810 г. Дамінік, як патрыёт Рэчы Паспалітай, дабраахвотнікам уступіў у армію Княства Варшаўскага і неўзабаве быў прызначаны камандзірам 8-га ўланскага палка. На чале гэтай адзінкі прыняў удзел паходзе на Расію 1812 г., дзе зарэкамендаваў сябе, як адзін з лепшых афіцэраў кавалерыі Вялікай Арміі. Быў адзначаны ордэнам Ганаровага Легіёна.  Пасля паразы ў расійскай кампаніі Дамінік Радзівіл захаваў вернасць Напалеону і ў складзе імператарскай гвардыі ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Германіі.  Смяротна паранены ў бітве пры Ханау, памёр ад ран 11 лістапада 1813 г.