Каляндар падзей

5 жніўня 1870 г. у Берліне памёр Фрыдрых Вільгельм Радзівіл (нар. 19 сакавіка 1797 г.), прускі генерал, ХІІІ нясвіжскі ардынат з 1833 г. Князь зрабіў бліскучую ваенную кар’еру, удзельнічаў у войнах з Францыяй і Даніяй, даслужыўся да чына генерал-лейтэнанта, шэфа корпусаў сапёраў і інжынераў. Значна менш ён цікавіўся палітыкай, хаця і спрабаваў адстойваць інтарэсы польскага грамадства ў Прусіі. Затое Фрыдрых Радзівіл набыў вядомасць як апантаны калекцыянер. Ён збіраў манеты і медалі, быў старшынёй Нумізматычнага таварыства ў Берліне. Пасля смерці князя ў часопісе, які выдаваўся пры таварыстве, з’явіўся некралог: “[Вільгельм Радзівіл] быў дабразычлівым і прыемным джэнтльменам, вялікім сябрам нумізматыкі. Ён пакінуў цудоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і прускіх гарадоў: Данцыга, Эльблонга і Торуні, каталог якой, незадоўга да сваёй смерці, апублікаваў два разы на французскай мове”. Фрыдрых Вільгельм пахаваны ў Антоніне (радзівілаўскай рэзідэнцыі на Пазнаньшчыне, цяпер Польшча). У князя было дзевяць дзяцей: 6 дочак і 3 сыноў. Нясвіжская ардынацыя перайшла да старэйшага з іх Антонія Вільгельма.