Каляндар падзей

6 жніўня 1816 г. зацверджаны Статут радзівілаўскай камісіі (камісіі радзівілаўскай масы) – спецыяльнага судова-адміністрацыйнага органа па ўпарадкаванні маёнткаў князёў Радзівілаў. Яго стварэнне было выклікана заблытаным фінансавым і юрыдычным становішчам маёнткаў, абцяжараных даўгамі, якія цягнуліся з XVIII ст. Яшчэ ў чэрвені 1805 г. справы, датычная ўладанняў Дамініка Радзівіла, па указу імператара Аляксандра І разглядаў Віленскі галоўны суд. Пасля смерці Дамініка, у лютым 1814 г. была створана адмысловая радзівілаўская камісія. Згодна Статута яна складалася з прэзідэнта (старшыні), 9 сяброў, якія прызначаліся імператарам і такой жа колькасці намеснікаў, прадстаўнікоў мясцовай сярэдняй шляхты. Кіраванне нерухомасцю ажыццяўляў спецыяльны орган Пракураторыя радзівілаўскай масы, на чале з пракуратарам, якога выбірала камісія. Старшынямі камісіі былі А. Пацей і М. Ромер,  пракуратарамі М. Залескі і І. Сальмановіч. Камісія дзейнічала пераважна ў Вільні, куды перавезлі архівы Радзівілаў з Нясвіжа і іншых месцаў. Камісія працавала да 1838 г., а Пракураторыя – да 1839 г., аднак яе супрацоўнікі і надалей займаліся дзейнасцю ў інтарэсах Радзівілаў і Вітгенштэйнаў.

6 жніўня 1919 г. адбыўся бой каля вёскі Малева паміж польскімі жаўнерамі і аддзеламі чырвонаармейцаў. Гэта было першае значнае сутыкненне ў ваколіцах Нясвіжа падчас польска-савецкай вайны. Часткі савецкай 16-й арміі замацаваліся на ўсходнім беразе ракі Уша, каля Малева, прыкрываючы дарогу на горад. Тут яны былі атакаваны аддзеламі Мінскага пяхотнага палка Войска Польскага. Полк адносіўся да Беларуска-Літоўскай дывізіі і ў немалой ступені складаўся з ураджэнцаў былой Мінскай губерніі. 2-гі батальён гэтага палка, пасля зацятага бою захапіў умацаванні чырвонаармейцаў, чым стварыў пагрозу іх леваму флангу. Савецкае камандаванне палічыла за лепшае адвесці войскі, каб пазбегнуць акружэння. У той жа дзень польскія жаўнеры бесперашкодна ўвайшлі ў Нясвіж. 8 жніўня імі быў заняты Мінск, а неўзабаве фронт стабілізаваўся на лініі Бярэзіны. Польская ўлада пратрывала на Нясвіжчыне да ліпеня 1920 г.