Каляндар падзей:

11 верасня 1814 г. Луіза Радзівіл (з дому Гогенцолерн) была ўзнагароджана прускім жаночым ордэнам Луізы. Ордэн заснаваў кароль Фрыдрых Вільгельм ІІІ 3 жніўня таго ж года ў гонар жонкі, Луізы Аўгусты, якая памерла ў 1810 г. Згодна статута ім узнагароджваліся высакародныя дамы, як падданыя Прусіі, так і іншаземкі, якія вызначыліся патрыятызмам у эпоху напалеонаўскіх войн і здзяйснялі догляд за параненымі салдатамі. У дакуменце аб заснаванні ўзнагароды гаварылася: “Калі смелыя мужчыны нашых армій ахвяравалі жыццём дзеля Айчыны, яны знаходзілі збавенне і палягчэнне ў асобах жанчын… Вера і надзея давала маткам і дочкам нашай краіны моц ператрываць боль за тых, хто загінуў дзеля агульнага дабра і сілы для аказання істотнай дапамогі ў дасягнення высокай мэты”. Луіза Радзівіл сапраўды была вядома сваёй антынапалеонаўскай пазіцыяй, а ў яе доме быў абсталяваны шпіталь для нямецкіх салдат. Каралеўская ўзнагарода сведчыць, што яе заслугі былі ацэнены належным чынам. Прускі ордэн выяўлены на партрэце Луізы пэндзля невядомага мастака, напісаным у 1830-я гг. Доўгі час карціна значылася як “Партрэт жанчыны з ордэнам і медалём”. Менавіта яго выява, суаднесеная з біяграфічнымі дадзенымі княгіні дазволіла ўрэшце рэшт правільна атрыбутаваць партрэт.