Каляндар падзей:

12 верасня 1683 г. пад Венай аб’яднаныя войскі Святой Рымскай імперыі і Рэчы Паспалітай пад камандаваннем Яна ІІІ Сабескага разбілі турэцкую армію. Гэта перамога стала адной з вызначальных бітваў у гісторыі Еўропы, якая спыніла турэцкую экспансію ў глыб кантынента. Напярэдадні бітвы каралю быў дастаўлены абраз Ларэтанскай Божай Маці з надпісам “VincesJoannes” (Іаана пераможца). Пасля разгрома праціўніка абраз стаў сямейнай рэліквіяй дома Сабескіх, а пазней перайшоў да Радзівілаў і, разам з іншымі каштоўнасцямі, апынуўся ў Нясвіжы. Паколькі Радзівілы знаходзіліся ў блізкім сваяцтве з Сабескімі (жонка Міхала Казіміра Радзівіла Кацярына была роднай сястрой караля) у сям’і існавала асаблівае стаўленне да Венскай перамогі. Асабістыя рэчы Яна Сабескага з гонарам дэманстравалі гасцям Нясвіжскага палаца. Асабліва пышна адзначаліся 100-я ўгодкі бітвы. Тагачасныя газеты пісалі: “Святкаванне стогадовага юбілею перамогі над туркамі пад Венай нідзе з такой раскошай і велічнасцю (хай і найбольшым коштам) не магло быць праведзена, як у Нясвіжы”. У касцёле Божага Цела для ўсеагульнага агляду былі выстаўлены зброя Яна ІІІ, трафеі, захопленыя ў турак, падарункі, зробленыя манарху Рэчы Паспалітай французскім каралём і Рымскім Папам.

12 верасня 1914 г. у Нясвіжы было заключана сямейнае пагадненне згодна з якім Антоній Альбрыхт Радзівіл (нар. у 1888 г.) стаў чарговым, XVI нясвіжскім і XIV клецкім ардынатам. Фактычна князь прыняў ардынацыі яшчэ на пачатку года, пасля таго як 22 студзеня ў Вене памёр ягоны бацька Юрый Фрыдэрык. Кіраванне Альбрыхта пачалося ў трывожны час Першай сусветнай вайны. У наступным годзе Нясвіж стаў прыфрантавым горадам. У 1917 г. князь, разам з жонкай, выехаў за мяжу, а ўлады ў ягонай рэзідэнцыі ў наступныя гады мяняліся з калейдаскапічнай хуткасцю. Толькі ў 1921 г., пасля таго як было заключана мірнае пагадненне паміж Польшчай і РСФСР, Антоній Радзівіл змог нарэшце вярнуцца на радзіму. Яго ўладанні ў выніку сацыяльных катаклізмаў істотна зменшыліся, але князь заставаўся адным з буйнейшых землеўладальнікаў. Яму належала каля 80 000 га зямлі. Ён быў сябрам Віленскага Таварыства Дабрачыннасці, аказваў фінасавую падтрымку польскаму школьніцтву, фундаваў капліцы і касцёлы. Памёр перадапошні нясвіжскі ардынат у снежні 1935 г., менш чым за чатыры гады да Другой суветнай вайны.