Каляндар падзей:

14 верасня 1587 г. віленскі біскуп, кардынал Юрый Радзівіл заклаў першы камень у падмурак нясвіжскага касцёла Божага Цела, які ўзводзіўся па ініцыятыве яго брата Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі. Мураваны касцёл у горадзе сталі будаваць яшчэ ў 1581 г. перад падарожжам М. К. Радзівіла ў Святую Зямлю. Аднак работы не былі даведзены да канца. Езуіты, якіх князь запрасіў у Нясвіж, засталіся незадаволенымі знешнім выглядам свайго будучага касцёла. Якраз у гэты час у Рыме былі зацверджаны новыя каноны будаўніцтва каталіцкіх храмаў і нясвіжская бажніца ім не адпавядала. Пасля доўгіх ваганняў, у 1586 г. амаль узведзены касцёл быў разабраны. З улікам пажаданняў езуітаў, запрошаны італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні распрацаваў новы праект. Пад яго кіраўніцтвам на працягу шасці гадоў касцёл Божага Цела быў збудаваны. 1 лістапада 1593 г. у ім адбылася першая служба, а 7 кастрычніка 1601 г. храм быў асвечаны. Нясвіжскі касцёл стаў першым у Рэчы Паспалітай помнікам архітэктуры барока.

14 верасня 1757 г. другая жонка ІХ нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі Ганна Мыцельская стала дамай ордэна Зорнага Крыжа. Ордэн быў заснаваны ў 1688 г. жонкай імператара Святой Рымскай імперыі ў гонар незвычайна падзеі. Падчас вялікага пажара, які ахапіў венскі палац, засталася некранутай частачка Святога Крыжа на якім быў распяты Ісус.  Шкатулка, дзе яна захоўвалася, абгарэла, але сама рэліквія захавалася цэлай і непашкоджанай. Ордэн уяўляў сабою чатырохканцовы чырвоны крыж з белай аблямоўкай на грудзях імперскага арла у блакітным аблямоўцы, які насілі на чорнай стужцы. Яго дэвізам былі словы “SalusetGloria” (Дабро і слава). Дамы, адзначыныя гэтай узнагародай, павінны былі засведчыць сваю адданасць Святому Крыжу, весці набажнае і дабрадзейнае жыццё, а галоўнае – рабіць добрыя справы. У гонар узнагароджання княгіні Радзівіл у Нясвіжы ў 1760 г. была выдадзена кніга “Ордэн дам Зорнага Крыжа, або гісторыя заснавання гэтага ордэна для Ганны з Мыцельскіх Радзівіл складзеная”.