Каляндар падзей:

16 верасня 1582 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка ў суправаджэнні слуг і езуіта Леанарда Пацыфіка выехаў з Нясвіжа, распачаўшы паломніцтва ў Святую зямлю. Абяцанне наведаць Ерусалім і пакланіцца Труне Гасподняй князь даў яшчэ ў 1578 г., пакутуючы ад цяжкай хваробы ў якой бачыў божую кару за свавольствы маладосці і колішні адыход ат каталіцызма. Магчыма, яго натхняў прыклад дзеда па матчынай лініі кароннага канцлера Крыштапа Шыдлавецкага, які некалі здзейсніў такое паломніцтва. Аднак свой намер М. К. Радзівіл рэалізаваў не адразу. На чале ўласнай харугвы ён удзельнічаў у Інфлянцкай вайне, біўся пад Полацкам, дзе быў паранены, і Псковам. Нейкі час лячыўся ў Германіі і Італіі. Толькі летам 1582 г., атрымаўшы дазвол караля Стэфана Баторыя, князь пачаў сур’ёзна рыхтавацца да падарожжа. Ён стаў ці не першым выхадцам з ВКЛ, які ажыццявіў пілігрымку ў Святую зямлю і наведаў Егіпет. У Нясвіж Радзівіл вярнуўся толькі 7 ліпеня 1584 г. Вандроўка моцна паўплывала на светапогляд князя. Ён яшчэ больш умацаваўся ў каталіцкай веры, а пад уражаннем убачанага ў Егіпце распачаў захады па арганізацыі фамільнай усыпальніцы.

16 верасня 1784 г. у Нясвіж прыбыў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль наведаў рэзідэнцыю Радзівілаў па дарозе на Гарадзенскі сойм. Ён рухаўся даволі пакручастым маршрутам: Варшава – Белавежская пушча – Пінск – Ружаны – Слонім – Нясвіж – Наваградак – Гародня. Візіт у Нясвіж меў на мэце замірыць караля з Каралем Станіславам Радзівілам, які доўгі час знаходзіўся ў апазіцыі да манарха. Князь зрабіў усё, каб уразіць Панятоўскага сваім багаццем і магутнасцю. Для прыёма быў капітальна адрамантаваны палац, дзе з’явілася каралеўская зала, спальня і некалькі адмысловых пакояў. Кожны з шасці дзён, што кароль правёў у Нясвіжы, яго чакала новая забава. Былі паказаны дзве оперы і балет, арганізавана водная бітва “Штурм Гібралтара”, прадэманстраваны багацці фамільнай скарбніцы і бібліятэкі, арганізавана паляванне і наведванне рэзідэнцыі ў Альбе. Усё гэта адбывалася на фоне няспынных баляванняў на адным з якіх кароль агучыў тост на беларускай мове: “Каб ліха не ведаў дом Радзівілаў!” 22 верасня манарх пакінуў Нясвіж. Ягоны візіт стаў самай яркай старонкай гісторыі горада апошніх гадоў Рэчы Паспалітай.