Каляндар падзей:

17 верасня 1445 г. вялікі князь Казімір Ягайлавіч падпісаў дарчую грамату наступнага зместу: “От великого князя Казимира королевича ко всим людем несвижаном, што Клавка держал. Дали есмо Несвиж пану Миколаю Немировичу со всим, по тому ж как Клавка держал. И вы бы его были послушны. Писан у Меречи, сентября 17 день, индикту 9”. У гэтым кароткім дакуменце ўпершыню згадваецца сучасны Нясвіж. Доўгі час з-за недакладнага прачытання лічылася, што перадача зямель М. Няміровічу адбылася ў 1446 г., што не адпавядае сапраўднасці. Згаданы ў дакуменце Клаўка, быў пасцельнічым вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча і загінуў у 1440 г. Хто валодаў Нясвіжам з 1440 да 1445 г. невядома. Увогуле, звестак пра Нясвіж XV ст. няшмат. Гэта быў умацаваны феадальны двор, цэнтр воласці. Сустракаюцца згадкі, што Няміровіч збудаваў тут у 1471 г. касцёл, аднак улічваючы, што сярод насельніцтва пераважалі праваслаўныя, гэта выглядае малаверагодным. Хучэй за ўсё можна казаць пра невялікую хатнюю капліцу. Недзе на мяжы 1470-1480-х гг. “двор Нясвіж” стаў уласнасцю дворнага маршалка Салтана Аляксандравіча.

17 верасня 1784 г. у Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы “Агатка або прыезд пана”, адной з першых прафесійных опер, створаных на Беларусі. Музыку напісаў Ян Давід Голанд – капельмайстар прыдворнай капэлы Радзівілаў. Лібрэта  –  князь Мацей Радзівіл. Прэм’ера была прымеркавана да візіта караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Сюжэт п’есы просты. Прыгонная дзяўчына Агата кахае хлопца Антака, аднак падстараста Піяшка хоча перашкодзіць шлюбу і імкнецца выдаць Агату за другога. Ёй марна спрабуюць дапамагчы апякун і старая служанка, але толькі мудры пан, уладальнік вёскі, спыняе інтрыгу і даруе маладым шчасце. Пастанова “Агаткі” здзіўляла сваёй дасканаласцю: раскошныя дэкарацыі выканаў мастак Атасельскі, сярод артыстаў вылучалася Ясінская – будучая прыма тэатра ў Варшаве. Пасля Нясвіжа опера 40 гадоў не сыходзіла з польскай сцэны. Яе пастаноўкай у 1926 г. было адзначана 150-годдзе Варшаўскага тэатра. Тым не менш, опера па праву належыць беларускай музычнай культуры, у ёй увасоблены айчынныя рэаліі і тыпажы, арганічна спалучаны прафесійныя і народныя пачаткі.

17 верасня 1939 г. пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. У 4 гадзіны раніцы перадавыя аддзелы ўступілі ў Нясвіж, які знаходзіўся паблізу савецка-польскай мяжы. Пісьменнік Валянцін Катаеў, які наведаў горад некалькі пазьней, занатаваў свае ўражанні: “Мы пад’язжалі да мястэчка Нясвіж. Навокал ляжалі неабсяжныя землі Радзівіла. Пачалі трапляцца заможныя вёскі – пабеленыя платы, крамы, шыльды аптэк, слясарных майстэрняў, краўцоў. Тут жывуць злейшыя ворагі беларускага народа – асаднікі. Па гэтых мясцінах лепей ехаць з расшпіленай кабурой рэвальвера… У Нясвіжы жыццё прыкметна налажваецца: адчынены кавярні, некаторыя магазіны, рабочая гвардыя з чырвонымі павязкамі на рукавах і паляўнічымі стрэльбамі ў руках… Я бачыў славуты замак князёў Радзівілаў… Чырвоная Армія толькі што прайшла. Яго гаспадары не паспелі ўцячы, яны былі заспеты знянацку. Замак аточаны вадой. З мястэчкам злучаны дамбай. Палякі яе замініравалі. Калі б яе ўзарвалі наваколлі аказаліся б затопленымі. Але ў паніцы яны не паспелі. Па замініраванай дамбе, праз пад’ёмны мост, мы заехалі ў браму замка…”. Верасень 1939 г. стаў апошнім месяцам гісторыі радзівілаўскага Нясвіжа. Князі былі арыштаваны і вывезены. У жыці горада, палаца і ўсёй Заходняй Беларусі пачаўся новы этап.