Каляндар падзей:

18 верасня 1786 г. у Нясвіжы памёр Геранім Вінцэнт Радзівіл (нар. у 1759 г.), сын Міхала Казіміра і Ганны з Мыцельскіх, зводны брат Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Князь не вызначаўся палітычнымі і вайсковымі здольнасцямі, але быў блізкім сябрам і паплечнікам старэйшага брата. У 1787 г. Караля Станіслаў арганізаваў яго пышнае пахаванне, якое стала апошняй маштабнай урачыстасцю ў радзівілаўскім Нясвіжы (усе пазнейшыя былі значна больш сціплымі). Паводле паданняў, толькі на ўпрыгожанне езуіцкага касцёла пайшло каля 2 000 локцяў (1 300 метраў) аксаміта. Пры ўваходзе ў касцёл і каля труны стаяла варта з рарытэтнай зброяй, якую ў апошні раз дасталі з княжацкага арсенала. На пахаванне прыехалі папскі нунцый (пасол) і тры біскупы. Развітальнае слова прамовіў вучоны езуіт, пісьменнік Юзаф Катэнбрынг. Пасля цырымоніі Караль Станіслаў сказаў: “Я пахаваў таго, хто мяне пахаваць бы павінен – ніхто мяне не пахавае”. Гэтыя словы аказаліся прарочымі. Пасля Гераніма Вінцэнта застаўся палутарамесячны сын Дамінік, які з 1790 да 1813 г. быў ХІ нясвіжскім ардынатам.