Каляндар падзей:

2 верасня 1914 г. у Нясвіжскі лазарэт князёў Радзівілаў прыбыла першая партыя раненых з фронта. Уладкаванне ў палацы шпіталя пачалося згодна з даручэннем імператрыцы Аляксандры Фёдараўны ад 18 ліпеня 1914 г.  Для гэтай мэты ў паўднёвым крыле замка (камяніцы) было выдзелена 24 пакоі. Тут размясціліся палаты для раненых, санітарныя памяшканні, аперацыйная, ванныя пакоі і г.д. Неабходную мэблю зрабілі ў замкавай майстэрні, а частку сродкаў для набыцця медыцынскага абсталявання, пашыў бальнічных халатаў і бялізны выдзелілі Антоній Альбрыхт Радзівіл і яго маці Марыя Ружа. Княгіня, да таго ж, наведвала курсы медсёстраў, дзе, нягледзячы на свой узрост (51 год), была адной з лепшых вучаніц. Дзякуючы інтэнсіўным работам лазарэт неўзабаве пачаў дзейнічаць. На працягу верасня тут лячыліся 82 салдата расійскай арміі. 21 з іх быў выпісаны, 22 накіраваны для далейшага лячэння ў тыл. З улікам новых паступленняў, на 1 кастрычніка 1914 г. у лазарэце знаходзіўся 61 чалавек. Загадваў гэтай установай нясвіжскі доктар Фелікс Бароўскі, а сярод сясцёр міласэрнасці былі жонка А. Радзівіла Дарота Паркер-Дэкан і яго сястра Ружа Чацвярцінская. Санітарамі працавалі вучні Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.