Каляндар падзей:

23 верасня 1676 г. у Ракаве нарадзілася Ганна Кацярына Сангушка, у будучыні жонка Караля Станіслава Радзівіла (з 1692 г.), мецэнатка і гаспадарчая дзеячка ВКЛ. Пасля смерці мужа ў 1719 г. яна пасялілася ў Белай і кіравала маёнткамі, што засталіся ёй у спадчыну. Дзякуючы яе намаганням да Радзівілаў вярнуліся “Нойбургскія маёнткі”, у тым ліку Слуцк, Капыль, Біржы і г.д. У Белай, Карэлічах і Нясвіжы княгіня арганізавала вытворчасць дываноў і шпалераў, заснавала шкляныя мануфактуры ў Налібоках і Урэччы. На апошняй пазней пачаўся выраб фарфору. У Белай было адкрыта некалькі майстэрняў, у тым ліку па шліфоўцы камянёў і ювелірная, дзе рабілі табакеркі, шабельныя рукаяці, вазы, гузікі, упрыгожванні. Для работнікаў радзівілаўскіх прадпрыемстваў будаваліся адмысловыя паселішчы, як напрыклад у Нягневічах для рабочых мясцовай гуты. Акрамя таго Г. К. Радзівіл адкрывала школы для падрыхоўкі мастакоў і рамеснікаў, запрашала ў свае ўладанні таленавітых майстроў з-за мяжы. Яна была ініцыятарам стварэння серыі фамільных партрэтаў “у лаўровым вянку”. Дзякуючы княгіні былі ўпарадкаваны архівы, істотна павялічыліся бібліятэкі ў Белай і Нясвіжы. Кнігі для іх заказывалі ў Францыі. Ганна Радзівіл памерла 23 кастрычніка 1746 г. у Міры, пахавана ў Нясвіжы, у касцёла Божага Цела.

23 верасня 1929 г. Нясвіж наведаў прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі. Недалёка ад горада яго аўтамабіль сустракаў конны раз’езд вайсковых асаднікаў, у суправаджэнні якіх галава дзяржавы накіраваўся ў Нясвіж. У яго гонар была ўсталявана адмысловая трыумфальная арка, пры якой прэзідэнта ІІ Рэчы Паспалітай віталі прадстаўнікі гарадской улады і духавенства. Тут жа быў пашыхтаваны ганаровы швадрон 27-га уланскага палка. Пасля гэтага прэзідэнт наведаў ратушу і дзяржаўную гімназію імя Сыракомлі, дзе яго сустракалі прадстаўнікі грамадскасці і вучнёўская моладзь. У павятовым старастве І. Масціцкі прыняў удзел у пасяджэнні камісіі па земляробству. Апошнім пунктам у праграме наведвання Нясвіжа, па парадку, але не па значнасці, быў радзівілаўскі палац. Прэзідэнта, разам з ягоным атачэннем, частаваў гарбатай Антоній Альбрыхт Радзівіл. У прамове князь выказаў гонар з нагоды таго, што старадаўні палац, які нядаўна прымаў у сваіх мурах маршала Юзафа Пілсудскага (візіт адбыўся ў 1926 г.) цяпер сустракае яшчэ аднаго высокага госця. Пасля гарбаты і гутаркі з XVI нясвіжскім ардынатам прэзідэнт накіраваўся ў суседні Клецк.