Каляндар падзей:

24 верасня 1744 г. кароль Аўгуст ІІІ прыбыў на агляд войск Вялікага Княства Літоўскага пад Заблудавам (цяпер у Беластоцкім ваяводстве Польшчы), які праводзіў польны гетман ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл. Міхал Казімір аказаў манарху годны прыём, прадэманстраваўшы  некаторыя трафеі, здабытыя падчас вайсковых кампаній папярэдніх стагоддзяў. У прыватнасці каралю былі прадстаўлены турэцкія шатры са спадчыны Яна ІІІ Сабескага. Сама атмасфера агляду мала стасавалася з ваеннай дысцыплінай. Паводле сведчанняў сучаснікаў высокія госці адзначыліся толькі ў “бітве на келіхах”. Часам даводзілася спутываць ногі каней, каб яны не панеслі і не выкінулі з сёдлаў седакоў. Тым не менш агляд войскаў стаў знакавым для кар’еры М. К. Радзівіла. У гонар гэтай падзеі на карэліцкай мануфактуры была выткана шпалера “Парад войск пад Заблудавам”, якая доўгі час упрыгожвала парадныя залы палаца ў Нясвіжы. Неўзабаве пасля агляду Міхал Казімір Радзівіл, згодна каралеўскага прывілея, атрымаў булаву вялікага гетмана.