Каляндар падзей:

27 верасня 1551 г. памёр Ян Радзівіл, сын Яна Радзівіла Барадатага і малодшы брат Мікалая Радзівіла Чорнага. Пра маладыя гады жыцця князя (нар. у 1516 г.) звестак мала. Мяркуюць, што ён вучыўся ў Італіі і там жа набыў баявы вопыт (магчыма, прымаў удзел у паходзе супраць турак). Сучаснікі адзначалі, што ён цікавіўся музыкай і паэзіяй, быў здольным прамоўцам. Ян уваходзіў у кола блізкіх сяброў і паплечнікаў вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, часта знаходзіўся ў ягонай свіце і некалькі разоў выконваў дыпламатычныя даручэнні гаспадара. Братам Радзівілам перайшлі ў спадчыну вялікія зямельныя ўладанні, у тым ліку – Нясвіж, Лахва, Шацк, Узда, Нягневічы – што ўводзіла іх у дзесятку буйнейшых магнатаў ВКЛ. Як і Мікалай, Ян атрымаў у 1547 г. тытул князя Святой Рымскай імперыі “на Алыцы і Нясвіжы”. Аднак у далейшым адносіны паміж братамі сапсаваліся. Прычынай стала неўпарадкаванасць маёмасных пытанняў і народжаныя гэтым узаемныя прэтэнзіі і канфлікты. У 1550 г. браты дасягнулі папярэдняй дамоўленасці аб раздзеле ўладанняў, але ажыццявіць яго не паспелі. Пасля смерці Яна Мікалай Радзівіл Чорны стаў адзінаўладным гаспадаром Нясвіжа і іншых паселішчаў.

27 верасня 1592 г. гарадскі магістрат зацвердзіў “Ухвалу места Нясвіжскага”, якая вызначала асноўныя абавязкі мяшчан па падтрыманні правапарадка і абароназдольнасці горада. Згодна “Ухвалы…” нясвіжане павінны былі штогод выплочваць у гарадскую скарбонку па 30 коп грошай. Гэтыя сродкі ішлі на рамонт гарадскіх умацаванняў – вала і паркана, аплату адмысловых майстроў. У выпадку крайняй неабходнасці мяшчане самі абавязаны былі ўдзельнічаць у рамонтных работах. Кожны домаўладальнік павінен быў мець зброю і рэгулярна з’яўляцца на агляды (попісы) гарадскога апалчэння. У адваротным выпадку яму пагражаў значны грашовы штраф. Дакумент згадвае аб наяўнасці гарадской варты, якая сачыла за парадкам на вуліцах. Сярод іншага прадпісвалася: “Гультаёў лёзных каб не прымалі, а калі такі да места прыйдзе, каб пра яго кожны паведамляў, а таксама [паведамляў] у каго такі гультай спыніўся”. У той жа час прыстойныя людзі “шляхта, рыцары, купцы, пілігрымы” маглі вольна наведваць горад, і ніхто не мог ім “крыўды чыніць”. “Ухвала…” стала адным з галоўных дакументаў, які рэгламентаваў жыццё Нясвіжа ў магдэбургскі перыяд.