Каляндар падзей:

29 верасня 1694 г. у Варшаве памерла Кацярына Радзівіл з дому Сабескіх (нар у 1634 г.), жонка Міхала Казіміра (VIнясвіжскага ардыната ў 1654 – 1680 гг.), маці VІІ і VIІІ ардынатаў Ежы Юзафа і Караля Станіслава. Апошнія гады жыцця Кацярына, будучы ўдавой, праводзіла пераважна ў сваім варшаўскім палацы і ў Белай, але пры гэтым надавала значную ўвагу Нясвіжу. Яна спрыяла арганізацыі ў горадзе штогадовых чатырохтыднёвых кірмашоў; завяршыла будаўніцтва кляштара айцоў-бенедыкцінаў і касцёла Святога Крыжа, распачатыя мужам. Ахвяравала 70 тысяч злотых мясцовым езуітам і бенедыкцінцам. На схіле жыцця, перажыўшы не адну асабістую драму (пахавала мужа і семярых дзяцей) княгіня часта звярталася да духоўнай практыкі і “падручнікаў добрага памірання” аўтарства езуітаў. Сваім тастаментам перадала каля 20 тысяч злотых жаночым ордэнам кармелітак-босых і бенедыкцінак, 30 тысяч – розным духоўным установам, а яшчэ 20 тысяч – на патрэбы Рэчы Паспалітай. Унутраныя органы памерлай былі пахаваны ў Варшаўскім езуіцкім касцёле, сэрца – у касцёле кармелітак-босых, цела ж было перавезена ў Нясвіж. Тут 20 – 22 студзеня 1695 г. адбылося ўрачыстае пахаванне, арганізаванае сынам Каралем Станіславам, пасля чаго труна была змешчана ў фамільнай крыпце касцёла Божага Цела.

29 верасня 1823 г. у фальварку Смольгава Бабруйскага павета (цяпер Любанскі раён Мінскай вобласці) нарадзіўся Людвік Кандратовіч, больш вядомы пад літаратурным псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля. У гісторыю культуры ХІХ ст. ён увайшоў як польскі і беларускі паэт, перакладчык, крытык, краязнавец. Лёс Ул. Сыракомлі быў цесна знітаваны з Нясвіжам. Тут у 1833 – 1835 гг. ён вучыўся ў дамініканскай школе. З 1840 г., працаваў у адміністрацыі радзівілаўскіх маёнткаў. Менавіта ў гэты час у яго абудзілася цікавасць да гісторыі і былі зроблены першыя крокі ў вершаскладанні. У Нясвіжскім фарным касцёле Людвік Кандратовіч абвянчаўся з Паўлінай Мітрашэўскай (1844 г.). Пасля гэтага пакінуў Нясвіж, але неаднаразова звяртаўся да яго ў сваёй творчасці. Стварыў цыкл санетаў “Успаміны Нясвіжы”, а ў кнізе “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” прысвяціў яму некалькі асобных раздзелаў. Акрамя таго Ул. Сыракомля быў аўтарам краязнаўчых даследванняў “Мінск”, “Нёман ад вытокаў да вусця”, апрацаваў некаторыя народныя песні і стварыў шэраг уласных вершаў. Памёр у 1862 г. Праз 40 гадоў у Нясвіжскім касцёле была ўсталявана памятная шыльда ў гонар Ул. Сыракомлі. У нашы дні яго бюст усталяваны на Алеі памяці ў Старым парку каля Нясвіжскага палаца.