Каляндар падзей:

30 верасня 1751 г. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька зацвердзіў праграму роспісаў Нясвіжскага касцёла Божага Цела, складальнікам якой быў тэолаг Ян Пашакоўскі. Рукапіс праграмы захоўваецца ў радзівілаўскім фондзе Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве. На сённяшні дзень ён з’яўляецца адзіным вядомым дакументам такога кшталту ў гісторыі манументальнага жывапісу Вялікага Княства Літоўскага XVIIIст. Нясвіжскі ардынат, як чалавек дасведчаны ў пытаннях рэлігіі, выказаў свае патрабаванні да аздаблення храма: “Пры алтары кангрэгацкім Маці Божай выразіць “Народжаны стаў нам братам”. У галоўным алтары выразіць “На Тайнай Вячэры хлебам стаў”. Пры алтары фундатарскім выразіць “Паміраючы даў нам збавенне”. У касцёле выразіць “Царуючы даў нам узнагароду”. Ухваленая князем праграма была цалкам рэалізавана ў роспісах касцёла. Да лета наступнага года большая частка работ была скончана, аб чым 30 чэрвеня 1752 г. паведаміў князю кіраўнік групы мастакоў Ксаверый Дамінік Гескі. У капліцах і бакавых нефах роспісы былі скончаны да 1753 г.