Каляндар падзей:

5 верасня 1591 г. па запрашэнні Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі ў Нясвіж з польскага горада Хелмна прыехала першая група сясцёр-бенедыкцінак. Ордэн, утвораны яшчэ ў VI ст., з’яўляўся старэйшым каталіцкім ордэнам у Еўропе, вызначаўся бескампраміснай барацьбой з рэфармацыйнымі веравучэннямі і высокім узроўнем культуры. Яго дэвізам былі словы “Oraetlabora” (Маліся і працуй). Перамовы па запрашэнні манашак у Нясвіж ішлі з вялікімі цяжкасцямі. Галава ордэна ў Рэчы Паспалітай Магдалена Мартэнская мела некалькі няўдалых спробаў па заснаванні новых кляштараў, а адзіны дзейны ў краіне Хелмінскі манастыр якраз рэфармаваўся. Тым не менш Радзівіл здолеў завабіць сясцёр-бенедыкцінак шчодрымі зямельнымі наданнямі і правам самім выбраць месца для кляштара. Першапачаткова кляштар атрымаў 7 моргаў (каля 5 га) зямлі і два агароды, якія князь выкупіў у мешчаніна Мілеўскага. Пазней бенедыкцінкі атрымалі фальварак Гавязну з 4 вёскамі, а замест невялікага драўлянага кляштара, дзе размясціліся першыя насельніцы, пачалі будаваць мураваны на 11 моргах (каля 8 га) гарадской зямлі. У 1596 г. бенедыкцінкі пераехалі ў новы кляштар з касцёлам Святой Яўфіміі.

5 верасня 1813 г. пачалася ваенная кар’ера Фрыдрыха Вільгельма Радзівіла (1797 – 1870, ХІІІ нясвіжскага ардыната з 1833 г.). 16-гадовы юнак у чыне падпаручыка быў залічаны ў склад штаба ІІІ корпуса прускай арміі генерала Ф. Бюлава. У кампаніі 1813 г. прымаў удзел у “бітве народаў” пад Лейпцыгам (16 – 19 кастрычніка), пазней ваяваў у Галандыі. У 1814 г. корпус быў перакінуты ў Францыю. Тут Ф. В. Радзівіл асабліва вызначыўся пры захопе Суасона. У баях князю неаднойчы супрацьстаялі ягоныя суайчыннікі і нават сваякі, які змагаліся на баку Напалеона. Так пад Лейпцыгам у шэрагах імператарскай гвардыі ваяваў Дамінік Радзівіл, а Суасон абараняўся польскім Надвіслянскім палком пяхоты. За воінскія заслугі Фрыдрых Радзівіл быў узнагароджаны прускім Жалезным крыжам 2-га класа, а таксама расійскім ордэнам Святога Уладзіміра 4-га класа. Вайну ён скончыў у чыне капітана гвардзейскага пяхотнага палка. У 1816 г. быў прадстаўлены да звання маёра і накіраваны на трохгадовыя курсы ў ваенную школу ў Берліне. Армейскую кар’еру князь скончыў у 1866 г. у званні генерала, на пасадзе шэфа корпуса інжынераў і сапёраў.