Каляндар падзей:

8 верасня 1514 г. пад Оршай войска Вялікага Княства Літоўскага і саюзныя яму польскія аддзелы пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага ўшчэнт разбілі ўдвая большае войска маскавітаў. Як адзначалі пазней расійскія гісторыкі, ніколі яшчэ літвіны “не атрымлівалі такой бліскучай перамогі”. Хаця ў стратэгічным плане яе наступствамі не ўдалося скарыстацца напоўніцу (не быў вернуты Смаленск і іншыя захопленыя землі), бітва спыніла прасоўванне непрыяцеля ў глыб дзяржавы. Саюз паміж Маскоўскім княствам і Святой Рымскай імперыяй, які прадугледжваў падзел Літвы і Польшчы, пасля гэтай перамогі распаўся, а імператар Максімільян І з ворага ВКЛ ператварыўся ў абаронцу ягоных інтарэсаў. У бітве вызначыліся прадстаўнікі рода Радзівілаў: Ян Радзівіл Барадаты (1474 – 1522), першы ўладар Нясвіжа і Юрый Радзівіл (1480 – 1525), які камандаваў аддзеламі кавалерыі. Памяць пра гэту падзею захоўвалася ў сям’і Радзівілаў на працягу стагоддзяў, а ў галерэі Нясвіжскага палаца сярод іншага захоўваўся партрэт гетмана Астрожскага, які можна бачыць і сёння.

8 верасня 1920 г. прадстаўнікамі савецкай улады складзены “Вопіс рэчаў у былым замку князёў Радзівілаў”. Вопіс быў накіраваны ў Народны камісарыят асветы і сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У ім пералічана ўся маёмасць, што знаходзілася ў палацы пачынаючы з “пакоя № 1” і завяршаючы гарышчам і падваламі. Асобна пазначаны прадметы, якія маюць мастацкую і гістарычную каштоўнасць. Але да гэтай класіфікацыі варта ставіцца асцярожна. У параўнанні з іншымі інвентарамі, вопіс 1920 г. найменш інфарматыўны. Адчуваецца непадрыхтаванасць складальнікаў да такой сур’ёзнай справы. Не акцэнтуецца ўвага на мастацкіх творах: не ўказаны назвы, памеры і матэрыял. Часта пад адным нумарам запісана некалькі рэчаў. Напрыклад у “пакоі № 6” пад № 96 – 2 карціны “у рамках”, пад № 97 – 27 карцін “без рамак”. У пакоі № 45 пад № 299 – 257 нямецкіх кніг.  З імі суседнічаюць: “сурвэткі пад падсвечнікі”, “чугунны прас”, “нож для агародніны” і нават “дровы”. Некаторыя запісы варты асобнага цытавання: “Комната № 6. № 111. Наименование предметов: груда бумаг. Число: груда. Имеет ли художественную, историческую ценность: нет”.

Паляўнічы пікнік у Палацы Радзівілаў

08.09.2017

Паляўнічы пікнік у Палацы Радзівілаў Закрыццё рэтра-сезона   Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і Музычны Дом...  падрабязна »