Каляндар падзей:

11 студзеня 1860 г. нарадзіўся Ежы Фрыдэрык Радзівіл, сын Антонія Вільгельма і Марыі Дароты дэ Кастэлян Радзівіл, XVнясвіжскі ардынат. Як яго бацька і дзед ён пачынаў ваенную кар’еру ў нямецкай арміі, але даслужыўся толькі да лейтэнанта прускай гвардыі, пасля чаго сышоў са службы. У снежні 1904 г., пасля смерці бацькі, прыняў кіраванне Нясвіжскай і Клецкай ардынацыямі. Сучаснікі характарызавалі князя як чалавека інтэлігентнага, аднак схільнага да крайняга легкадумства. Занадта вольны лад жыцця прывёў да таго, што князь захварэў, у яго пачаліся праблемы з апорна-рухальным апаратам і ён урэшце-рэшт не мог самастойна хадзіць. Амаль увесь час свайго ардынацтва Ежы Радзівіл знаходзіўся на віле каля Вены пад наглядам прыватнага доктара і нясвіжскай прыслугі. Усе гаспадарчыя справы вяла яго жонка Марыя Ружа з Браніцкіх. Апеку над ардынацкімі ўладаннямі, па прычыне недзеяздольнасці гаспадара, ажыццяўляў Эдвард Вайніловіч (вядомы як фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску). Сам жа Ежы Радзівіл, як уладальнік ардынацыі нічым не адзначыўся. Памёр у Вене 22 студзеня 1914 г., пазней быў пахаваны ў Нясвіжы, у крыпце касцёла Божага Цела.