Каляндар падзей:

12 студзеня 1754 г. у Львоўскім дамініканскім касцёле адбылося вянчанне Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі з Ганнай Людвікай Мыцельскай. Для іх гэта быў другі шлюб. Жонка Рыбанькі Францішка Уршуля з Вішнявецкіх памерла ў маі 1753 г., Ганна засталася ўдавой з чатырмя дзецьмі ў сакавіку 1751 г., пасля смерці мужа Леана Міхала Радзівіла. Паводле шлюбнай умовы Ганна атрымала ад Рыбанькі маёнткі ў Валынскім і Мазавецкім ваяводствах, якія разам давалі 200 тысяч злотых гадавога дахода. Акрамя таго да яе ў пажыццёвае валоданне перайшлі Копысь, Раманава і Барань у Віцебскім ваяводстве, а таксама комплекс маёнткаў Карэлічы ў Наваградскім. Ад першага мужа ёй застаўся маёнтак Шыдлавец. У шлюбе Ганна і Міхал мелі чатырох дзяцей – сына Гераніма Вінцэнта, дочак Вераніку, Марыю Вікторыю і Юзэфу. У 1762 г. Ганна, якая была на 27 гадоў маладзейшая за мужа, другі раз засталася ўдавой. Замуж больш не выходзіла. Падчас палітычнай эміграцыі свайго пасынка Караля Станіслава Пане Каханку, пакінула краіну. Жыла ў Гданьску, Празе, Вене, Дрэздэне, дзе і памерла ў 1771 г. Незадоўга да смерці склала тастамент паводле якога падзяліла маёмасць паміж дзецьмі ад абоіх шлюбаў і прызначыла 50 000 злотых нясвіжскаму езуіцкаму калегіуму.