Каляндар падзей:

14 студзеня 1995 г. адкрыўся Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Як не дзіўна, але ў горадзе доўгі час не было месца, дзе турысты маглі б пазнаёміцца з яго гісторыяй. Сітуацыя пачала выпраўляцца толькі ў 1989 г., калі пры раённым аддзеле культуры было прынята рашэнне аб стварэнні музея. Восенню 1994 г. пачала дзейнічаць першая выстаўка “Нясвіжская скарбніца”, экспанаты для якой прадаставілі са сваіх фондаў Нацыянальны музей гісторыі і культуры і Аб’яднанне літаратурных музеяў Беларусі. Неўзабаве нясвіжскі музей быў афіцыйна адкрыты. Ён размясціўся ў адрэстаўрыраваным будынку кан. ХІХ ст. Тут штогод адбывалася каля 15 выставак, праходзілі навукова-практычныя канферэнцыі. У 2005 г. музей быў рэарганізаваны. Сёння ў яго склад уваходзіць уласна музей, кватэра-музей мастака М. Сеўрука, ганчарная майстэрня і музейны аб’ект “Кузня”. Экспазіцыя складаецца з 5 стацыянарных і 2 выставачных залаў. Буйнейшымі калекцыямі з’яўляюцца: “Фотадакументы”, “Дакументы”, “Посуд”. Акрамя таго захоўваеца вялікі збор твораў М. Сеўрука і некаторыя ўнікальныя рэчы – талеравы кубак 1-й пал. XVIIIст., “Рэквіем…” бернардзінскага кляштара 1841 г., скарб са 141 прадмета (шкляны, парцалянавы і металічны посуд) знойдзены ў сутарэннях былога кляштара бенедыкцінак.