Каляндар падзей:

15 студзеня 1598 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка заснаваў “фундуш вячысты” – сваеасаблівую касу дапамогі для бедных мяшчанак. “Для ратунку ўбогіх і асірацелых паненак, пазбягаючы таго, каб яны праз убоства і нястачу, ня маючы магчымасці выйсці замуж, ўпадалі ў грахі, задумаў дзеля добрага прыкладу ў маёмасці сваёй Нясвіжскай такую фундацыю закласці…”. Князь перадаў у распараджэнне магістрата “на вечныя часы” 1 000 злотых, якімі гарадская адміністрацыя магла распараджацца па сваім меркаванні з той умоваю, што прыбытак ад аперацый, у суме 80 злотых, ішоў на пасаг для бедных дзяўчат, якім не ставала сродкаў, каб стварыць сям’ю. Выдача грошай адбывалася штогод на свята ў гонар Стрэчання Ісуса Хрыста (Грамніцы), якое каталікі адзначаюць 2 лютага. Узорам для стварэння касы паслужыла езуіцкая традыцыя, згодна з якой пры некаторых касцёлах існавалі т.зв. “скрынкі Святога Мікалая”, сродкі з якіх ішлі на забеспячэнне бедных дзяўчат. Таму невыпадкова ў склад камісіі якая вызначала, хто варты грошай з магістрацкага скарбу, уваходзілі пробашч нясвіжскага касцёла, рэктар езуіцкага калегіума, намеснік князя, войт і прадстаўнік магістрата. У выключных выпадках князь мог самастойна абіраць прэтэндэнта.

15 студзеня 1936 г. у крыпце нясвіжскага касцёла Божага Цела быў пахаваны XVI, перадапошні, ардынат Антоній Альбрыхт Радзівіл, які памёр у Варшаве ў снежні 1935 г. Труну з яго целам прывезлі ў горад у суправаджэнні службоўцаў мясцовай адміністрацыі і ганаровай варты з афіцэраў і салдат 27-га ўланскага палка імя Стэфана Баторыя, які кватараваў у Нясвіжы. На пахаванні прысутнічаў пінскі біскуп Букраба, шматлікія прадстаўнікі духавенства (не толькі каталіцкага), вучнёўская моладзь, дзеячы грамадскіх арганізацый. Па загаду ваеннага міністра князя хавалі з адданнем вайсковых уганараванняў. Акрамя афіцэраў 27-га палка ў горад прыбылі дэлегацыі іншых фармацый Войска Польскага. Труну з замкавай капліцы вынеслі 10 ляснічых, а на развітанне з ардынтам з вежы прагучаў спеў трох паляўнічых ражкоў. А. Радзівіл пасмяротна быў адзначаны ордэнам Аднаўлення Польшчы. Аднак, ён быў адным з апошніх прадстаўнікоў арыстакратыі, якія лічылі сябе грамадзянамі колішняга Вялікага Княства Літоўскага і спалучалі любоў да Польшчы з мясцовым “літвінскім” патрыятызмам. Аднойчы іншаземны журналіст запытаўся: “Пан Альбрыхт, а якой Вы ўсё ж такі нацыянальнасці?” На што той адказаў: “Мы тутэйшыя”.

Гульня "Шпацыр па старой Ратушы"

15.01.2018

Актуальна для груп, якія наведалі Палацавы ансамбль!  Вас чакае незвычайнае знаёмства з экспазіцыяй музея.  Займальная інтэрактыўная гульня...  падрабязна »