Каляндар падзей:

20 студзеня 1673 г. VIнясвіжскі ардынат Міхал Казімір Радзівіл выдаў універсал, якім заклікаў рамеснікаў, сялян, купцоў перасяляцца ў Нясвіж, спустошаны пасля вайны з Маскоўскай дзяржавай. Новапасяленцам абяцаліся розныя свабоды на аснове магдэбургскага права, у тым ліку магчымасць у любы час пакінуць горад без ніякіх перашкод. Гэта была не першая пасляваенная ільгота для Нясвіжа. У 1669 г. уладальнік горада дамогся ад караля Міхала Вішнявецкага прывілея, які вызваляў нясвіжскіх мяшчан ад мытных збораў і пошлін на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Прывілей быў зацверджаны сеймам і падцверджаны ў 1676 г. Гэтыя сродкі павінны былі ісці на аднаўленне гарадскіх умацаванняў. Прывілеі актывізавалі рамесна-гандлёвую дзейнасць, спрыялі аднаўленню гарадскога жыцця. У тым самым 1673 г. у Нясвіжы налічвалася 366 двароў і каля 2,4 тысяч жыхароў, значна больш чым у суседнім Клецку. На гарадской плошчы ўзвышалася цалкам адноўленая мураваная ратуша з крамамі вакол яе. Праз пяць гадоў чэх Танер, які праязжаў праз Беларусь, апісаў у дарожным дзённіку Нясвіж як прыгожы горад, абнесены мурамі, з вялікай Рыначнай плошчай і замкам, умацаваным валамі, рвамі і добра забяспечаным артылерыяй.