Каляндар падзей:

22 студзеня 1796 г. выдадзены Указ імператрыцы Кацярыны ІІ, які зацвярджаў гербы шэрагу беларускіх гарадоў, нядаўна далучаных да Расійскай імперыі. У прыватнасці – Нясвіжа. За аснову быў узяты герб часоў Рэчы Паспалітай, нададзены Стэфанам Баторыем у 1586 г., аднак некаторыя дэталі істотна змяніліся. Шчыт замест двухчастковага стаў трохчастковым. У верхім полі размяшчаўся герб Мінскай губерніі – двухгаловы імперскі арол з гербом Мінска на грудзях. Ніжняя частка нібыта паўтарала колішні нясвіжскі сімвал, але замест паловы радзівілаўскага арла ў правай частцы з’явілася палова расійскага двухгаловага арла. У левай частцы 10 касых палос (врубаў) блакітнага, чырвонага і залатога колеру ператварыліся ў 12 палос, якія больш нагадвалі вясёлку, чым сляды ад удараў мяча ці сякеры (менавіта так першасна трактаваліся врубы ў геральдыцы). Неўзабаве змяніўся і статус Нясвіжа. З павятовага цэнтра ён ператварыўся ў заштатны горад Слуцкага павета Мінскай губерніі. Тым не менш “кацярынінскі” герб працягваў выкарыстоўвацца. Толькі ў перыяд ІІ Рэчы Паспалітай гораду афіцыйна вярнуўся стары “баторыеўскі” герб, які быў зацверджаны пастановай міністра ўнутраных спраў 3 кастрычніка 1933 г.