Каляндар падзей:

24 студзеня 1758 г. у нясвіжскім замку Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька заключыў дамову з майстрам Янам Маджарскім аб арганізацыі вытворчасці кунтушовых (персідскіх) паясоў. Біяграфія Маджарскага да канца не высветлена. Яго бацька, армянін па нацыянальнасці, паходзіў з Венгрыі. Сам Ян нарадзіўся ці то ў Трансільваніі, ці то ў Стамбуле. Ёсць звесткі, што юнаком ён працаваў у адной са стамбульскіх майстэрняў, дзе выраблялі паясы для экспарта ў Рэч Паспалітую. У 1750-я гг. быў майстрам кунтушовай мануфактуры Патоцкіх у Станіслававе (Украіна). Тады ж пра яго майстэрства дазнаўся М. К. Радзівіл і завабіў да сябе, каб даручыць кіраванне аналагічным прадпрыемствам у Нясвіжы. Паводле дамовы, Маджарскі абяцаў вырабляць “дыванкі, дываны, паясы з кветкамі, асобамі, лічбамі, золатам, срэбрам, шоўкам”. Таксама браўся дасканала навучыць свайму майстэрству хлопца-вучня. За гэта ён атрымліваў плату ў адзін залаты дукат штотыднёва і мог вырабляць і прадаваць паясы для ўласнага пажытку. На пач. 1760-х гг. мануфактура была пераведзена ў Слуцк, а Маджарскі стаў яе арандатарам. Ён унёс у распрацоўку паясоў мастацкія традыцыі Малой Азіі, Сірыі, Персіі, спалучаючы іх з мясцовымі асаблівасцямі. З цягам часу слуцкія паясы сталі адным з сімвалаў беларускай культуры.