Каляндар падзей:

27 студзеня 2012 г. афіцыйна стартавала акцыя “Нясвіж – культурная сталіца Беларусі”. Доўгі час культурнай сталіцай краіны лічыўся Віцебск, але ў студзені 2010 г. гэты статус атрымаў Полацк – найстаражытнейшы горад Беларусі. З той пары культурная сталіца вызначаецца штогод. Сэнс акцыі палягае ў актывізацыі грамадскай ініцыятывы па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнення ўвагі турыстаў і г.д. Нясвіж атрымаў эстафету ад Гомеля. Урачыстая цырымонія ўручэння гораду сертыфіката і сімвала культурнай сталіцы адбывалася ў гарадской ратушы. У межах акцыі на працягу года ў Нясвіжы праходзілі разнастайныя мерапрыемствы. Сярод іх – канцэрты, выставы, спектаклі, XVIIсвята мастацваў “Музы Нясвіжа”, міжнародны семінар ЮНЭСКА “Аб’екты сусветнай спадчыны: зберажэнне і выкарыстанне ў мэтах устойлівага развіцця” і нават спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы кшталту спаборніцтваў па бегу. Кульмінацыяй стала ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі Нясвіжскага палаца 20 ліпеня 2012 г. Пасля Нясвіжа статус культурных сталіц краіны атрымлівалі Магілёў (2013 г.), Гродна (2014 г.) і Брэст (2015 г.).