Каляндар падзей:

28 студзеня 1945 г. складзены Акт аб разбураных і пашкоджаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі помніках архітэктуры Нясвіжскага раёна. Пра палац Радзівілаў у гэтым дакуменце сказана: “Будынак каменны 3-х павярховы з 2 вежамі, абнесены са ўсіх бакоў валам і ровам. Пры заездзе мост. Ад галоўнага заезда тягнецца двор, у глыбіні якога размешчана галоўная частка замка, а па баках – карпусы замка… Дах левага корпуса быў пашкоджаны немцамі пры артылерыйскім абстрэле… Вокны, дзверы, печы, 30 ванных пакояў разбураны пры адступленні немцаў, мэбля знішчана. … партрэты Радзівілаў зняты і вывезены немцамі ў 1944 г. У цяперашні час у замку праводзіцца аднаўленне пашкоджанняў… Пашкоджанні выражаюцца на 43 %”. Ратуша была пашкоджана аскепкамі бомб і стаяла з выбітымі вокнамі. Ступень пашкоджанасці ацанілі на 30 %. На столькі ж, па меркаванні складальнікаў акта, пацярпеў і касцёл Божага Цела, у якім згарэў купал і дах. Моцна пацярпела Слуцкая брама: “…пашкоджана з абодвух бакоў і сценка ад заезда ад снарадаў нямецкіх танкаў для адкрыцця вольнага праезда. Капліца і дах над ёй спалены, таксама як ікона і начынне капліцы. Працэнтнае пашкоджанне – 75 %”. У праваслаўную царкву трапілі тры бомбы, з-за чаго абвалілася адна сценка. Сінагога, збудаваная ў XVIIст. была разбурана цалкам. Ад яе засталіся толькі руіны.