Каляндар падзей:

5 студзеня 1746 г. з Нясвіжа Міхалу Казіміру Радзівілу паведамілі аб заканчэнні работы над партрэтам Тэафіліі Вішнявецкай. Аўтарам партрэта быў мастак Казімір Лютніцкі. Гэты дробны шляхціч з Міра некалькі разоў згадваецца ў ліставанні і гаспадарчых распараджэннях нясвіжскага ардыната. У юнацтве ён вучаўся жывапісу ў італьянскага мастака Яна дэ Фулхі, пры двары Радзівілаў у Белай, дзе засвоіў мастацтва напісання партрэтаў, нацюрмортаў, гістарычных карцін. У 1745 – 1746 гг. Лютніцкі ствараў партрэты для радзівілаўскай галерэі ў Алыцы. Пазней яму было даручана афармляць залу Нясвіжскага палаца для Францішкі Уршулі Радзівіл. Таксама мастак выконваў дэкарацыі для княжацкага тэатра, удзельнічаў у роспісах касцёла Божага Цела, пісаў партрэты навучэнцаў кадэцкага корпуса, выконваў копіі карцін для Мірскага замка. Апроч мастацкіх поспехаў, Казімір Лютніцкі здолеў заняць высокае становішча ў грамадстве. У 1756 г. ён быў абраны бурмістрам Нясвіжа, валодаў у горадзе трыма зямельнымі пляцамі. Сям’я Лютніцкага стварыла сваеасаблівую дынастыю. Яго жонка была ткачыхай (тапіцэркай) габеленавай мануфактуры Радзівілаў. Адзін з сыноў – Лявон – стаў архітэктарам і працаваў пры двары Караля Станіслава Пане Каханку.