Каляндар падзей:

7 студзеня 1634 г. у Злочаве (Заходняя Украіна) нарадзілася Кацярына Сабеская. Яе бацька быў кракаўскім кашталянам, маці даводзілася ўнучкай гетману Станіславу Жалкеўскаму, які ў 1610 г. захапіў Маскву. Спачатку дзяўчынку рыхтавалі да манастырскага жыцця, але потым планы змяніліся. У 16 гадоў яе выдалі замуж за Уладзіслава Астрожскага-Заслаўскага, але ў 1656 г. Кацярына засталася ўдавой. Неўзабаве яе рукі пачаў дабівацца VIнясвіжскі ардынат Міхал Казімір Радзівіл, а летам 1658 г. адбылося вяселле. У той самы час імкліва рос аўтарытэт роднага брата Кацярыны Яна Сабескага, якога ў 1674 г. абралі каралём. Кацярына Сабеская была адной з блізкіх сябровак каралевы, дарадцай брата і мужа. Хаця яна не атрымала сістэматычнай адукацыі, вызначалася прыродным розумам і кемлівасцю, за што была празвана “Кацярынай Мудрай”. Таксама яе лічылі ўзорам жонкі і маці, якая клапоціцца пра выхаванне і кар’еру сваіх дзяцей. Аўдавеўшы ў 1680 г. другі раз, Кацярына шмат увагі надавала кіраванню радзівілаўскімі гарадамі і маёнткамі. Яна пачала дамагацца вяртання ва ўласнасць рода спадчыны Багуслава Радзівіла, праводзіла работы па аднаўленні летняй рэзідэнцыі ў Альбе, атрымала каралеўскі прывілей на правядзенне ў горадзе штогадовых чатырохтыднёвых кірмашоў. Памерла Кацярына Сабеская ў 1694 г. у Варшаве, пахавана ў нясвіжскім касцёле Божага Цела.