Каляндар падзей:

8 студзеня 1585 г. у Чарнаўчыцах каля Брэста нарадзіўся Ян Юрый Радзівіл, сын Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі і Эльжбеты Вішнявецкай, ІІ нясвіжскі ардынат з 1616 г. Пачатковую адукацыю атрымаў у Нясвіжы, у езуіцкім калегіуме. Пазней, разам з братамі, вучыўся ў Браневе і Аўгсбургу, падарожнічаў па Італіі, дзе меў аўдыенцыю ў Рымскага Папы Паўла V. У 20-гадовым узросце Ян Юрый пачаў выконваць даручэнні караля і вялікага князя, у прыватнасці спрыяў паразуменню манарха з прадстаўнікамі біржанскай лініі рода. У 23 гады ён атрымаў пасаду трокскага кашталяна, пазней абіраўся маршалкам Трыбунала ВКЛ. У 1616 г., пасля смерці бацькі як старэйшы сярод братоў атрымаў Нясвіжскую ардынацыю, аднак бываў тут рэдка. Больш часу праводзіў у Варшаве і Вільні. У шлюбе з Элеанорай Язлавецкай князь уцягнуўся ў маёмасныя спрэчкі, якія не заўсёды завяршаліся паспяхова, што істотна падпсавала ягоны характар. Неўзабаве пасля смерці жонкі выправіўся ў вялікае замежнае падарожжа. Наведаў Германію, Англію, Францыю, Галандыю, Італію. Слухаў лекцыі ў Падуанскім універсітэце. Вярнуўся на радзіму напрыканцы 1625 г. і збіраўся пабрацца другім шлюбам, але раптоўна памёр. Паколькі Ян Юрый не пакінуў нашчадкаў, ардынацыя перайшла да яго малодшага брата Альбрыхта Уладзіслава.

8 студзеня 1612 г. Жыгімонт Караль Радзівіл (нар. у 1591 г.) першым з жыхароў Вялікага Княства Літоўскага прыняў патройны абет рыцара Мальтыйскага ордэна: паслухмянства, цнатлівасці і жабрацтва. Ордэн рыцараў-шпітальераў узнік у Ерусаліме на мяжы ХІ – ХІІ стст. Яго мэтай была абарона Святой зямлі ад мусульман. Пасля разгрому крыжацкіх каралеўстваў на Блізкім Усходзе рыцары перабраліся на востраў Родас, а з 1522 г. атабарыліся на Мальце, дзе ордэн атрымаў новую назву. Цяпер яго галоўнай задачай стала барацьба з туркамі і піратамі. Жыгімонт Радзівіл выказаў намер стаць рыцарам, яшчэ ў 17 гадоў, калі падарожнічаў па Італіі. Бацька, Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка, спачатку адмоўна паставіўся да такога рашэння, але ўрэшце рэшт дабраславіў сына і нават стварыў для яго ў сваіх уладаннях першую ў ВКЛ камандорыю Мальтыйскага ордэна. На працягу 1611 г. Жыгімонт прымаў удзел у баях з піратамі, чым давёў свае ваярскія здольнасці, пасля чаго быў прыняты ў рыцары. Радзівіл шмат зрабіў для ўмацавання пазіцый ордэна ва Ўсходняй Еўропе, спрыяў заснаванню Познаньскай камандорыі ў Польшчы. Трэцюю частку свайго абяцання – жыць у беднасці – ён так і не здолеў выканаць. Князь, па вызначэнні, не мог быць жабраком.

8 студзеня 2013 г. прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” атрымаў аўтарскі калектыў у складзе Сяргея Друшчыца, намесніка дырэктара ААТ “Белрэстаўрацыя”, Святланы Краюшкінай і Ірыны Палуды – кіраўнікоў групы архітэктараў ААТ “Праектрэстаўрацыя” за значны асабісты ўнёсак у распрацоўку праекта рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамбля XVI– XVIII стст. у Нясвіжы. Прэмія “За духоўнае адраджэнне” была заснавана ў 1997 г. Штогод на пачатку студзеня ўручаецца пяць прэмій за “выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая спрыяе захаванню і павелічэнню нацыянальнага культурнага набытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, зацвярджэнню духоўных каштоўнасцяў і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці”. План рэстаўрацыі нясвіжскага палаца быў распрацаваны і зацверджаны ў 2003 – 2004 гг. У верасні 2008 г. адкрылася экспазіцыя, прысвечаная гісторыі палаца, лёсу бібліятэкі і архіва Радзівілаў, а ў ліпені 2012 г., пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ, для наведвальнікаў стаў даступны ўласна палац.

Нясвіжскія князі запрашаюць і віншуюць!

08.01.2018

У першыя студзеньскія дні княжацкі маршалак сустракаў гасцей Нясвіжскага палаца і запрашаў у захапляльнае гістарычнае падарожжа. Праходзячы па залах і...  падрабязна »