Каляндар падзей:

4 чэрвеня 1692 г. падканцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл, VIII нясвіжскі ардынат у 1689 – 1719 гг., выдаў прывілей, які павінен быў спрыяць эканамічнаму аднаўленню горада. У выніку войн сярэдзіны XVII ст. Нясвіж настолькі абязлюдзеў, што і да канца века не змог аднавіць былой велічы. Да таго ж многія гарадскія пляцы належалі шляхце і духавенству, якія не падпарадкоўваліся ўладзе ардыната (юрыдыкі), што падрывала гарадскую гаспадарку. Як пісаў Ул. Сыракомля: “Разам з аплаканымі часамі Яна Казіміра канчаецца і шчаслівае жыццё нашых гарадоў… Шляхта і багацейшае духавенства здолелі прысвоіць зямельныя ўгоддзі, гарадскія пляцы і пабудовы, таму ў гарадах знаходзім мы вызваленыя ад розных абмежаванняў і павіннасцяў духоўныя і шляхецкія сядзібы і камяніцы, якія ўсім сваім цяжарам пачалі прыціскаць непрывілеяваных бедных мяшчан”. Прывілей К. С. Радзівіла скасоўваў шляхецкія і духоўныя юрыдыкі, дазваляў перадачу іх участкаў мяшчанам. Сяляне, якія раней прыйшлі ў горад у пошуках лепшай долі, маглі застацца тут на пастаяннае жыхарства і карыстацца ўсімі правамі мяшчан. Аднак у далейшым прымаць перасяленцаў з вёсак забаранялася.

4 чэрвеня 1943 г. у Берлінскі цэйхгаўз прыбылі 17 гармат з нясвіжскай збраёўні Радзівілаў. Гэтыя гарматы пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР былі перададзены Дзяржаўнаму гістарычнаму музею ў Мінску і выстаўлены на лафетах побач з яго будынкам. Падчас нямецкай акупацыі іх даследваў гісторык узбраення Бруна Томас. Ён адзначыў, што акупацыйныя ўлады ўжо двойчы збіраліся адправіць гарматы на пераплаўку і пісаў, што не бачыць іншай магчымасці ўратаваць зброю, акрамя як вывезці яе ў Германію. Улады Генеральнай акругі “Беларусь” выступалі супраць гэтага і прапаноўвалі пакінуць гарматы ў Мінску, як сведчанне нямецкага ўплыву на ўсходзе (некаторыя з іх былі адлітыя немцам Г. Мольцфельтам). Тым не менш зброю перадалі ў Музей узбраення ў Берлінскім цэйхгаўзе. Падчас бамбардзіровак нямецкай сталіцы частка музея была разбурана, а некаторыя гарматы пашкоджаны. Пасля вайны многія экспанаты цэйхгаўза пайшлі на пераплаўку, аднак нясвіжскія рарытэты адправілі ў артылерыйскі музей Ленінграда. У 1948 г. большасць з іх перадалі ў Музей Войска Польскага ў Варшаве, акрамя двух – “Цэрбер” і “Вінаград”, якія засталіся ў Ленінградзе. Іх копіі сёння можна бачыць у арсенале Нясвіжскага палаца.

Важная інфармацыя!

04.06.2018

Паведамляем, што 4 чэрвеня 2018 года тэлефоны ў інфармацыйна-касавым цэнтры музея-запаведніка не працуюць у сувязі з рамонтнымі работамі на...  падрабязна »

Выстава работ Лізаветы Казённавай “Уяві...”

04.06.2018

З 24 мая па 4 ліпеня Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” прадстаўляе выставу работ Лізаветы Казённавай “Уяві...”. Лізавета...  падрабязна »