Сістэма ўмацаванняў

У 1586 г. Мікалай Хрыстафор Радзівіл “Сіротка” паставіў перад гараджанамі задачу збудаваць абарончыя аб'екты. Да канца XVI ст. гарадскія ўмацаванні ў асноўным былі збудаваны. Аснову абароны горада складаў высокі земляны вал. Ён меў выгляд пяцікутніка з 7 бастыёнамі і ахопліваў горад з усіх бакоў. Унутр можна было патрапіць праз пяць брам: Слуцкую, Клецкую, Віленскую, Мірскую і Замкавую. Гарадскую фартыфікацыю атачаў вадзяны роў, які злучаўся з ракой Ушой. Перад кожнай брамай меўся пад'ёмны мост. У склад гарадской фартыфікацыі Нясвіжа таксама ўваходзілі каменныя манастыры – бенедыктынскі, езуіцкі і бернардынскі з комплексамі пабудоў. Яны зачынялі прамую дарогу да замка і былі сур'ёзнай перашкодай на шляху ворага. Перыядычна, а таксама ў выпадку неабходнасці ўмацаванні рамантаваліся наёмнымі брыгадамі майстроў. Сродкі на аплату работ выдзяляў магістрат з грошай, якія штогод сплочваліся гараджанамі ў якасці падаткаў.

Падчас руска-польскай вайны 1654–1667 гг. Нясвіж двойчы, у 1654 і 1659 гг., быў узяты штурмам, а яго ўмацаванні пашкоджаны. Пасля Паўночнай вайны ўмацаванні горада аднавілі. З поўначы і захаду на подступах да Нясвіжа ўзвялі дадатковыя бастыённыя ўмацаванні, якія правым краем ўпіраліся ў штучную сажалку. Пасля ўключэння горада ў склад Расійскай імперыі фартыфікацыйныя збудаванні з цягам часу страцілі сваё значэнне. Да цяперашняга часу захаваліся толькі асобныя элементы ўмацаванняў, такія як Слуцкая брама і вежа Замкавай брамы.

Cлуцкая брама

Гарадская Слуцкая брама з'яўляецца ўнікальным помнікам барока. Гэта адзіная брама з пяці, што існавалі ў горадзе, і адзіная, якая захавалася ў Беларусі, пабудаваная ў сістэме гарадскіх умацаванняў у канцы XVI – пачатку XVII стст.

Паводле гравюры Томаша Макоўскага пачатку XVII ст. першапачаткова Слуцкая брама мела выгляд невялікай вежы з чатырохсхільным дахам. Ад дамбы яна аддзялялася пад'ёмным мастом. Падчас вайны 1654–1667 гг. гарадскія ўмацаванні, у тым ліку і гарадскія брамы, былі значна пашкоджаны. У 1700 г. (па некаторых крыніцах у 1760 г.) Слуцкая брама перабудавана ў стылі барока.

Паводле інвентароў на першым паверсе брамы знаходзілася каморка для варты і чыноўніка, які збіраў мыту. Кожны, хто ўваходзіў ці заязджаў у горад, павінен быў заплаціць мытны збор. На другім паверсе размяшчалася капліца Божай Маці.

У 70-я гг. ХХ стагоддзя на Слуцкай браме былі праведзены рэстаўрацыйныя работы: адноўлены фасады і дах, дубовыя дзверы, вокны, лесвіца на другі паверх, гаўбец на фасадзе з боку горада. У верасні 2007 г. завяршыўся капітальны рамонт брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка.

Вежа Замкавай брамы

Найстаражытнейшае каменнае збудаванне ў горадзе, у наш час выкарыстоўваецца ў якасці званіцы касцёла Божага Цела. Гэта пабудова другой паловы XVI ст. да цяперашняга часу захавала сваю першародную архітэктуру. У яе канструкцыі адлюстроўваюцца рысы такіх архітэктурных стыляў як готыка і рэнесанс. Да XVIII ст. ушчыльную да вежы прылягала Замкавая брама – адна з пяці брам гарадскіх абарончых умацаванняў.