Помнікі і памятныя знакі Нясвіжа

Мемарыяльная дошка ў гонар Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай

На доме № 9 па вуліцы Карла Лібкнехта ўсталяваная мемарыяльная дошка ў гонар вядомай даследчыцы Нясвіжа, краязнаўца-энтузіяста, пісьменніцы Клаўдзіі Якаўлеўны Шышыгінай-Патоцкай, якая жыла ў гэтым доме ў 1980-2005 гадах.

Клаўдзія Шышыгіна нарадзілася ў 1937 годзе ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. У час вайны страціла бацькоў, выхоўвалася ў дзіцячым доме ў вёсцы Асмолава пад Нясвіжам, скончыла Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і Мінскі педагагічны інстытут. З 1965 года Клаўдзія Якаўлеўна выкладала англійскую мову і музыку у навучальных установах горада і паслядоўна збірала звесткі аб гісторыі Нясвіжа і наваколля. З канца 80-х гадоў Клаўдзія Якаўлеўна пачала выдаваць выдатна напісаныя кнігі па гісторыі горада: "Музы Нясвіжа", "Паданні Нясвіжа", "Чорная дама Нясвіжскага замка" і г.д. Гэтыя кнігі мелі вялікую ролю ў папулярызацыі Нясвіжа як горада багатай гісторыі і высокай культуры.

Мемарыяльная дошка ў гонар Паўла Косача

Мемарыяльная дошка на будынку па вуліцы Савецкай, 14 ўстаноўлена ў гонар педагога, арганізатара народнай музычнай самадзейнасці Паўла Мікалаевіча Косача.

Павел Мікалаевіч прыехаў у Нясвіжскі раён у 1945 годзе, маючы за плячыма працу ў вядомай капэле Дзмітрыя Агрэнява-Славянскага, дыпломы Магілёўскага педагагічнага інстытута і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Павел Мікалаевіч пачаў працу ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы выкладчыкам мовы, літаратуры і спеваў. Спачатку ён арганізаваў хор студэнтаў, а ў 1952 годзе ўзначаліў хор сельскага клуба вёскі Лявонавічы. Пад яго кіраўніцтвам сельскі хор дасягнуў вялікіх творчых поспехаў і меў ўзнагароды на ўсіх узроўнях аж да ўсесаюзнага. Павел Мікалаевіч таксама напісаў тэкст і музыку для многіх вядомых песняў, а таксама апрацаваў шэраг народных кампазіцый, якія сталі папулярнымі.

Памятны знак ЮНЭСКА

Гэты памятны знак усталяваны ў гонар ўключэння архітэктурнага, жылога і культурнага комплексу Радзівілаў у Нясвіжы ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Дадзенае рашэнне прынята 15 ліпеня 2005 года ў паўднёваафрыканскім Дурбане на 29-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны.

Комплекс складаецца з замка-рэзідэнцыі, парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Божага Цела і навакольных пабудоваў.

У 1972 годзе ЮНЭСКА прыняла Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. У цяперашні момант яе ратыфікавалі больш за 180 краін-удзельніц, у іх ліку і Рэспубліка Беларусь. Галоўная мэта спісу Сусветнай спадчыны – зрабіць вядомымі і абараніць аб'екты, якія з'яўляюцца ўнікальнымі ў сваім родзе. Дзяржавы, на тэрыторыі якіх размешчаны аб'екты Сусветнай спадчыны, бяруць на сябе абавязацельствы па іх захаванню.

Помнік салдатам 193-й дывізіі і партызанам

Нясвіж быў захоплены нямецкімі войскамі хутка пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны амаль без бою, паколькі Чырвоная Армія хутка адыходзіла. Некаторы час у горадзе размяшчаўся штаб 2-й танкавай групы генерала Г.Гудэрыяна, які у сваіх мемуарах згадваў аб наведванні палаца. У горадзе было створана гета, да лета 1942 года амаль усе габрэі Нясвіжа былі знішчаныя. Знішчылі і адзіны ў раёне цыганскі табар. Па самых розных абвінавачваннях беларусаў і палякаў расстрэльвалі ці кідалі ў канцлагер. Больш за дзве тысячы жыхароў Нясвіжскага раёна былі адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію.

Помнік Сымону Буднаму

Сымон Будны – асветнік, гуманіст, прыкметны дзеяч эпохі Адраджэння Вялікага княства Літоўскага, які шмат працаваў у Нясвіжы. Актыўны прыхільнік Рэфармацыі, ён зблізіўся з кальвіністам Мікалаем Радзівілам Чорным. У 1560-я гады пры заступніцтве Мікалая Радзівіла ў Нясвіжы адкрылася і актыўна дзейнічала пратэстанцкая друкарня. Пад кіраўніцтвам Буднага там была выдадзена першая кніга на тэрыторыі сучаснай Беларусі на старабеларускай мове – "Катэхізіс, або старажытная хрысціянская навука для простых людзей". Таксама друкаваліся і іншыя кнігі.

Сымон Будны выступаў з радыкальных пазіцый, адмовіўся ад дагмату аб трыадзінстве Бога, стаў адмаўляць боскую прыроду Хрыста і неабходнасць пакланення яму, рэзка выкрываў заганы каталіцкай і праваслаўнай царквы, выступаў з крытыкай Святога Пісання. У выніку Будны быў адлучаны ад царквы, а перад смерцю ў 1593 годзе ў Вішневе ў сучасным Валожынскім раёне ён адмовіўся ад камуніі і выракся ад Бога.

Помнік удзельнікам паўстання ў гета

Габрэйская абшчына ў Нясвіжы існавала, па меншай меры, з канца XVI стагоддзя. У 1589 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл "Сіротка" выдаў прывілей, што вызначаў правы і абавязкі габрэяў Нясвіжа. Неўзабаве габрэйскія купцы і рамеснікі займелі важную ролю ў эканамічным жыцці горада. К пачатку Другой сусветнай вайны з амаль 5,5 тысяч несвіжан да дадзенай нацыянальнасці адносілася 3700 чалавек.

У чэрвені 1941 года Нясвіж занялі нямецкія войскі. Было створана Нясвіжскае гета. У кастрычніку 1941 года з ліку габрэйскага насельніцтва было адабрана больш за 700 спецыялістаў розных прафесій, якія былі прызнаныя карыснымі для новай улады, астатнія – больш двух тысяч – былі расстраляныя. Пад кіраўніцтвам настаўніка Шалома Халяўскага ў гета было створана падполле. 21 ліпеня 1942 года, калі прыбыў атрад паліцыі для канчатковай ліквідацыі гета, вязні паспрабавалі аказаць супраціў. Гэты выступ быў хутка задушаны, большасць паўстанцаў загінула, нешматлікія ацалелыя здолелі прарвацца ў лес і далучыліся да партызанаў. Падзеі 21 ліпеня ў Нясвіжы лічыцца першым паўстаннем у гета падчас Другой сусветнай вайны.

У канцы 2000-х на вуліцы Першага Мая з’явіўся помнік удзельнікам паўстання ў гета.