Забудова Нясвіжа

Першае згадванне пра Нясвіж раней звязвалі з імем Юрыя Нясвіжскага, які са сваёй дружынай прымаў удзел у бітве на рацэ Калка (цяпер Кальчык). 31 мая 1223 г. ("Аповесць мінулых гадоў"). Аднак гэта версія была аспрэчана навукоўцамі ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя. Да нашых дзён у Нясвіжы захаваліся старадаўнія мураваныя будынкі XVII – пач. ХХ стст.

Будынак плябаніі

Плябанія была пабудавана ў XVII ст. недалёка ад касцёла па распараджэнню Мікалая Хрыстафора Радзівіла "Сіроткі". Будынак выкарыстоўваўся як жылы дом ксяндза-плябана. Тут размяшчаліся памяшканні для пілігрымаў, а таксама захоўваўся парафіяльны архіў і бібліятэка. У 1800 г. размешчаныя насупраць плябаніі будынкі былога езуіцкага калегіўма былі перададзены ваеннаму ведамству. Па дамоўленасці з ксяндзом у 1800 – 1820 гг. верхні паверх плябаніі здаваўся пад жыллё вышэйшым ваенным чынам.

У двары будынка, па сучаснай вуліцы Ленінскай, асобна размешчалася аднапавярховая каменная пабудова кухні. У другой палове XIX ст. паміж будынкамі было дабудавана вуглавое Г-падобнае крыло, якое злучыла жылы дом з кухняй. У выніку больш позніх пераўтварэнняў плябанія, пабудаваная ў стылі барока, набыла рысы класіцызму. З 1954 па 1972 гг. у будынку размяшчалася друкарня, якая насіла імя Сымона Буднага. У 2004 г. друкарня была перамешчана ў іншы будынак, а плебанія ў 2007 г. вернута вернікам.

Дом рамесніка XVIII ст.

Дом рамесніка (дом на рынку) – адзіны ўзор гарадскога жылля першай паловы XVIII ст. з барочным фасадам, які захаваўся ў Беларусі. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з паўсклепам пабудаваны ў 1721 г. Галоўны фасад выходзіць на лінію забудовы вуліцы. Першапачатковую планіроўку дома сёння цяжка аднавіць з-за карэнных перабудоў. Можна толькі выказаць меркаванне, што ён быў падзелены на жылую і вытворчую (гандлёвую) часткі. У будынку спалучаюцца драўляныя (другі паверх) і цагляныя (першы паверх) канструкцыі. Найбольш цікавая галоўная фасадная сцяна. Яе высокі фігурны контур з прафіляваным карнізам хавае двухсхільны дах. На фасадзе прыкметна асіметрыя ў разбіўцы аконных і дзвярных праёмаў, але яна згладжваецца сіметрычнай канфігурацыяй верхняга контура сцяны і аднолькавым размяшчэннем прадухаў у кутах шчыпца. Галоўны фасад у барочным стылі надае пабудове манументальны характар. У наш час у будынку размяшчаецца дзіцячая бібліятэка.

Былы гасцінны двор

Каменны будынак былога гасціннага двара пабудаваны прыкладна ў 1897 – 1903 гг. на месцы драўлянага, верагодна, згарэўшага ў час аднаго з гарадскіх пажараў. Прызначэнне новай цаглянай пабудовы засталося ранейшым – гасцінны дом (ці двор). Пабудова складалася з двух асноўных функцыянальна розных частак. Усходняе крыло выкарыстоўвалася для жылля пастаяльцаў (магчыма, і ўладальніка Тодрыса Айзінбуда), у другой (гаспадарчай) частцы знаходзіліся вазы і стойлы для коней. Кожная частка існавала як бы аўтаномна, мела асобныя выхады з двара.

Сваё функцыянальнае прызначэнне пабудова захавала і ў пазнейшы час. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны і да нядаўняга часу ў будынку размяшчалася гасцініца. Пасля рэканструкцыі ў 1995 – 1997 гг. пабудова выкарыстоўваецца ў якасці адміністрацыйнага будынка ДУ "Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж".

Гандлёвыя рады

Вакол нясвіжскай ратушы знаходзяцца гандлёвыя рады, якія складаліся са шматлікіх ячэек, кожная з якіх была асобнай крамай. Пабудаваны яны адначасова з ратушай, не пазней за 1596 год, у тым жа стылі, што і асноўны будынак. У XVIII стагоддзі гандлёвыя рады былі перабудаваны, і ў горадзе налічвалася ўжо 52 каменныя крамы. Паміж ратушай і радамі знаходзіліся праезды для вазоў гандляроў.

Падатковыя льготы, якія гарантаваліся Магдэбургскім правам, садзейнічалі развіццю ў Нясвіжы рамёстваў і гандлю. Гандлёвыя рады на рынкавай плошчы сталі адным з найважнейшых цэнтраў эканамічнай актыўнасці ў горадзе. Шмат крамаў належалі габрэйскім купцам, якіх у Нясвіжы было шмат. Будынак гандлёвых радоў захаваўся і выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні – як крамы.

Будынак малочнага завода

Будынак быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя і доўгі час выкарыстоўваўся як казармы. У 1920-30-я гады ў Нясвіжы размяшчаўся 27-ы уланскі полк імя Стэфана Баторыя, а ў гэтым будынку знаходзіліся афіцэрскія казармы, дзе жылі афіцэры з сем'ямі. Полк быў створаны 27 ліпеня 1920 года, прыняў удзел у савецка-польскай вайне, а з 1921 года ён быў раскватараваны ў Нясвіжы. Салдаты і афіцэры, многія з якіх служылі яшчэ ў расійскай імператарскай арміі, актыўна ўдзельнічалі ў культурным жыцці Нясвіжа і ў спартыўных спаборніцтвах.

У верасні 1939 года 27-ы уланскі полк быў перакінуты на захад і прыняў удзел у баях супраць нямецкай арміі паміж Львовам і Люблінам у складзе Навагрудскай кавалерыйскай брыгады генерала Уладзіслава Андэрса. Многія ўланы загінулі ў баях, а 27 верасня ацалелыя патрапілі ў савецкі палон. Многіх афіцэраў палка расстралялі пад Харкавам. У цяперашні час у Нясвіжскай ратушы захоўваецца дакладная копія сцяга палка на арыгінальным дрэўку.

Пажарная частка

У XIX стагоддзі ў Нясвіжы неаднаразова адбываліся пажары, якія наносілі вялікую шкоду гораду. Так, пасля аднаго з іх Нясвіжская ратуша пазбавілася вежы. Шмат і часта гарэў горад, які заставаўся яшчэ ў немалой меры драўляным.

Для барацьбы з такім бедствам ў канцы XIX стагоддзя было створана Нясвіжскае добраахвотнае таварыства абароны ад пажараў, у якое для барацьбы з агнём аб'ядналіся як хрысціяне, так і габрэі. У 1909 годзе 40 добраахвотнікаў у некалькі змен абаранялі горад ад пажару. У таварыстве было маёмасці на 10 000 рублёў, уласнае дэпо і чатыры кані. Паблізу пажарнай частцы знаходзілася драўляная каланча, з якой пастаянна вялося назіранне за горадам.

Будынак вышэйшага пачатковага вучылішча

1 верасня 1908 у Нясвіжы пачало працу дзяржаўнае мужчынскае гарадское 4-класнае вучылішча, якое 1 студзеня 1913 года атрымала статус вышэйшага пачатковага вучылішча. Сярод найбольш выбітных выпускнікоў гэтага вучылішча перш за ўсё неабходна назваць наркама асветы БССР, члена Акадэміі Навук БССР Антона Платуна. Сёння ў будынку размяшчаецца пошта. У пачатку ХХ стагоддзя ў Нясвіжы дзейнічалі таксама прыватнае мужчынскае вучылішча Лебедзева, жаночая габрэйская прагімназія Разэнфельд, мужчынская і жаночая гімназіі.

З уздымам беларускай самасвядомасці пачынаецца стварэнне беларускай школы. У 1921 годзе на базе жаночай рускай гімназіі па ініцыятыве настаўніка-энтузіяста Язэпа Шнаркевіча пачалося стварэнне класаў з навучаннем на беларускай мове. Аднак незадоўга да пачатку навучальнага года польскія ўлады рэквізавалі будынак. Адміністрацыя гімназіі была вымушана здымаць памяшканні ў гараджан і арганізоўваць заняткі ў дзве-тры змены. У 1923 годзе пад ціскам мясцовых уладаў не была падоўжана ліцэнзія на дзеянне гімназіі. З-за адсутнасці памяшканняў яе дзейнасць не была дазволеная. Цэлы год гімназія працавала падпольна, а затым аднавіла працу ў Клецку.