Помнікі

Вечны агонь і помнік савецкаму салдату

Мемарыяльную кампазіцыю ў памяць пра вызваленне горада ад нямецкіх войскаў ўсталявалі ў Нясвіжы ў пасляваенны час.

Нясвіж быў захоплены нямецкімі войскамі ў канцы чэрвеня 1941 года практычна без бою. Савецкія войскі хутка адступалі, супраціў аказала толькі група з некалькіх дзясяткаў салдат у заходняй частцы горада. Тым не менш, у горадзе і ваколіцах патрапілі ў палон многія салдаты Чырвонай арміі, якія не паспелі адступіць з асноўнымі сіламі.

У перыяд нямецкай акупацыі некалькі дзён у горадзе знаходзіўся штаб 2-й танкавай групы генерала Гудэрыяна. Сам нямецкі генерал у сваіх мемуарах узгадваў пра наведванне палаца. Пасля ўсталявання акупацыйнай адміністрацыі ў горадзе было створана гета, аднак да лета 1942 ўсе габрэі Нясвіжа былі альбо расстраляныя, альбо беглі ў лясы. Быў знішчаны і адзіны ў раёне цыганскі табар. Расстрэльвалі таксама беларусаў і палякаў, пры гэтым не толькі камуністаў і камсамольцаў, але і каталіцкіх святароў. Больш за дзве тысячы жыхароў Нясвіжскага раёна былі накіраваны на прымусовыя работы ў Германію, значная іх частка на радзіму не вярнулася.

Час нямецкай акупацыі скончыўся 2 ліпеня 1944 года, калі ў Нясвіж ўвайшлі савецкія войскі. Гэта былі салдаты 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі пад камандаваннем Андрэя Фралянкова і партызаны 27-й брыгады імя Чапаева. Немцы ўпарта абаранялі горад, і падчас штурму савецкія часткі панеслі сур’ёзныя страты. На наступны дзень у горадзе з'явілася некалькі нямецкіх танкаў, якія адыходзілі з усходу. Завязаўся яшчэ адзін бой, але неўзабаве танкі былі адкінутыя назад.

Сёння ў памяць пра тыя падзеі нясвіжане 2 ліпеня святкуюць День горада.

Помнік ахвярам Халакосту

Хутка пасля захопу Нясвіжа ў чэрвені 1941 года нацысты пачалі рэалізоўваць палітыку знішчэння габрэяў на акупаваных тэрыторыях. У паўднёва-заходняй частцы горада было створана гета, куды сагналі ўсіх габрэяў Нясвіжа і ваколіц. 30 кастрычнікa 1941 нацыстамі былі адабраны рамеснікі і каштоўныя спецыялісты,– астатнія былі асуджаныя на смерць. Ніхто з габрэяў не ведаў, навошта іх зганяюць ў парк, пакуль яны не ўбачылі выкапаны роў даўжынёй больш чым 30 метраў. Туды скідалі расстраляных, прыгэтым некаторыя з іх заставаліся жывымі пасля таго, як роў быў засыпаны. Усяго на Выставачнай паляне было расстраляна па меншай меры 1500 габрэяў. На працягу тыдня акупацыйныя ўлады расстралялі яшчэ каля 1200 чалавек па дарозе на Сноў. Пад кіраўніцтвам настаўніка Шалома Халяўскага ў гета сярод ацалелых было створана падполле, якое пачало збіраць зброю і выбухоўку. У ліпені 1942 года вязні гета паднялі паўстанне, якое было жорстка задушана. Нямногім удалося выратавацца і прабіцца ў лясы.

Як правіла, мясцовыя жыхары стараліся дапамагаць габрэям, часам рызыкуючы ўласным жыццём. Вядома, напрыклад, што за дапамогу габрэям быў арыштаваны і расстраляны каталіцкі нясвіжскі дэкан Мечыслаў Кубік.

Бюст Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі

Дадзены помнік пастаўлены ў гонар князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, падарожніка, пісьменніка, мецэната, першаму нясвіжскага ардыната.

Мянушка Сіротка было атрымана ім у раннім дзяцінстве. Легенда распавядае, што аднойчы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст сустрэў у адным з пакояў палаца пакінутае без нагляду дзіця. Кароль яго супакоіў і прылашчыў: "Ах ты мой бедны ўсімі забыты сіротка!" З тых часоў мянушку «Сіротка» так і прыстала да Мікалая Крыштафа.

Вучыўся Мікалай Крыштаф ў заснаванай бацькам пратэстанцкай школе ў Нясвіжы. У юнацкія гады шмат падарожнічаў па Заходняй Еўропе, вучыўся ў Страсбурзе і Цюбінгенскім універсітэце. Пасля смерці бацькі, пад уздзеяннем польскага прапаведніка-езуіта Пятра Скаргі публічна выракся кальвінізму.

З гэтага часу Сіротка ўзяўся выкараняць пратэстантызм у сваіх уладаннях, у тым ліку ў Нясвіжы, куды на месца пратэстантаў былі запрошаныя езуіты. У 1583-1584 гг Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю, у ходзе якога наведаў Крыт, Кіпр, Сірыю, Палестыну і Егіпет, пра што распавёў у сваім дзённіку, які неаднаразова выдаваўся на розных еўрапейскіх мовах. У Ерусаліме Мікалай Крыштаф уступіў у ордэн рыцараў Труны Гасподняй – менавіта іх знак можна ўбачыць на медальёне на помніку князя. Пасля вяртання на радзіму ён пачаў шырокае будаўніцтва ў Нясвіжы: замест драўлянага бацькавага замка паставіў мураваны, пабудаваў касцёл Божага Цела, бенедыктынскі і бернардынскі кляштары. Для праектавання і ўзвядзення касцёла ён запрасіў з Італіі архітэктара Джавані Марыя Бернардоні. У новым замку Радзівіл сабраў галерэю партрэтаў, бібліятэку, арсенал. Заклаў парк у Альбе пад Нясвіжам, які стаў адным з першых у краіне. За кароткі тэрмін – усяго за 30 гадоў, дзякуючы князю быў узведзены новы горад. Нясвіж забудоўваўся з улікам дасягненняў еўрапейскай абароннай і эстэтычнай думкай эпохі.

Помнік Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку быў пастаўлены ў 1992 годзе і па праву заняў сваё месца на алеі славутых дзеячаў горада Нясвіжа.

Бюст Тамаша Макоўскага

Тамаш Макоўскі вядомы як аўтар гравюр да кніг і геаграфічных картаў, у прыватнасці, першай вядомай выявы Нясвіжа.

Пра дзяцінства і маладосць Макоўскага нічога невядома. Каля 1600 года ён паступіў на службу да Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Макоўскі займаўся стварэннем гравюр на медзі да кніг, якія выдаваліся ў Нясвіжскай друкарні. Каля 1603 года Макоўскі стварыў гравюру з выглядам Нясвіжа – гэта найстарэйшая выява горада, якая захавалася да нашых дзён. Гравюра Макоўскага адрозніваецца высокай дакладнасцю дэталяў, дзякуючы чаму яна стала падставай для аднаўлення аблічча шэрагу згубленых або перабудаваных будынкаў. Дзякуючы яго гравюрам мы можам пазнаёміцца з выглядам іншых замкаў Радзівілаў і гарадоў ВКЛ: Біржаў, Вільні, Гародні, Коўна, Клецку і Трокаў. У гэты ж час ён удзельнічаў у стварэнні карты Вялікага княства Літоўскага. Пазней Тамаш Макоўскі працаваў у іншых друкарнях, дзе займаўся ілюстраваннем розных кніг. Напрыклад, яго аўтарству належаць ілюстрацыі да двух панегірыкаў і навата да знакамітага конегадоўчага трактата “Гіпіка”. Ён таксама вядомы як аўтар гравюр "Аблога Смаленска" і "Від Масквы". У шэрагу выпадкаў Макоўскі толькі пераносіў на дошкі гатовыя карціны, аднак яго таленавітае выкананне захоўвае самастойную мастацкую каштоўнасць. У 1992 годзе яму быў усталяваны дадзены помнік у Нясвіжы.

Бюст Джавані Бернардоні

Побач з помнікам Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку ўсталяваны бюст Джавані Марыя Бернардоні – італьянскага манаха-езуіта, першага архітэктара-аўтара барочных будынкаў у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім. Джавані нарадзіўся на поўначы Італіі, працаваў мулярам, у 23 гады прыйшоў у Рым ўступіць у ордэн езуітаў і стаць архітэктарам. Браты-езуіты накіравалі яго на будаўніцтва галоўнага ордэнскага храма ў Рыме Іль-Джэзу, дзе ён працаваў 6 гадоў. Пасля Бернардоні працаваў на будаўніцтве цэркваў у Неапалі, Абруццы.

Бернардоні прыязджае на запрашэнне Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў Нясвіж у 1586 годзе і застаецца тут на 13 гадоў. Галоўным яго праектам быў касцёл езуітаў. Прататыпам касцёла быў галоўны ордэнскі храм езуітаў у Рыме – Іль-Джэзу. Храм акрамя сакральнай функцыі павінен быў прыстасаваны пад княжацкую пахавальню. Шматпланавае прызначэнне касцёла патрабавала дакладнай выверкі яго праекта. У лістападзе 1593 будаўніцтва касцёла было скончана і адбылося першае набажэнства.Касцёл езуітаў у Нясвіжы лічыцца першай пабудовай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай у стылі барока. У 1599 годзе Бернардоні пераязджае ў Кракаў, дзе будуе касцёл святых Пятра і Паўла. Акрамя гэтага ён выканаў яшчэ праекты манастыра св. Бернардына ў Кальварыі Зебжыдоўскай і касцёла св. Казіміра ў Вільні. Але завяршэнне апошняй працы архітэктар ужо не ўбачыў, ён памёр у 1605.

У 1992 годзе ў Старым нясвіжскім парку ўсталяваны бюст Джавані Бернардоні працы скульптара Мікалая Гумілёва.

Бюст Уладзіслава Сыракомлі

Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя – Людвік Кадратовіч) – вядомы беларускі і польскі паэт, публіцыст і краязнаўца. Яго гісторыка-этнаграфічнае сачыненне "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" уяўляе вялікую каштоўнасць для вывучэння гісторыі Нясвіжа, паколькі Сыракомля як архіварыус Радзівілаў меў доступ да шматлікіх дакументаў, якія ў цяперашні час раскіданыя па ўсёй Усходняй Еўропе. Акрамя таго, ён меў зносіны са сведкамі гістарычных падзей.

Паэт з маладосці быў звязаны з Нясвіжам. У мясцовай школе пры дамініканскім кляштары Сыракомля вучыўся ў 1830-я гады. У 1840-1844 гадах паэт працаваў спачатку памочнікам кіраўніка маёнткамі князёў Радзівілаў у Нясвіжы, а пазней архіварыусам у палацавым архіве. У 1844 годзе Уладзіслаў Сыракомля пабраўся шлюбам з Палінай Мітрашэўскай ў касцёле Божага Цела. Акрамя "Вандровак па маіх былых ваколіцах", Сыракомля напісаў 6 санетаў, прысвечаных Нясвіжу, а яго твор "Ілюмінацыя" перадае трагічную гісторыю, пачутую ад старой нясвіжанкі.

Памяць паэта ў горадзе увекавечвае мемарыяльная дошка ў касцёле Божага Цела. Паставіць помнік на тэрыторыі горада не дазвалялі царскія ўлады, якім не падабаўся паэт-дэмакрат, аднак ўдзячныя нясвіжане знайшлі выйсце, і памятная дошка была ўсталяваная ў касцёле ў 1902 годзе і захавалася да нашых дзён. У 1992 г. бюст пісьменніка заняў належнае месца побач з іншымі выбітнымі людзьмі горада.

Бюст Юрыя Нясвіжскага

Пытанне прыналежнасці Юрыя Нясвіжскага да горада Нясвіжа да сённяшняга дня застаецца поўнасцю нераскрытым. Аднак з вялікай ступенню верагоднасці пра князя-удзельніка бітвы на Калцы можна казаць як пра першага нясвіжаніна, які ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах.

Бітва на Калцы была першым істотным сутыкненнем паміж руска-палавецкім і мангольскім войскамі. 31 мая 1223 г. войска Русі было ўшчэнт разбітае, а большая частка князёў знайшла сваю смерць на поле бітвы. Юрый Нясвіжскі ў летапісах узгадваецца ў пераліку шасці князёў, якія адступалі з поля боя, аднак былі схопленыя ў палон і былі пакутніцкі забіты. Усіх палонных яшчэ жывымі паклалі пад дошкі, на якіх пасля бітвы адбылося баляванне трыумфатараў-манголаў.

Гэта адзіная ўзгадка пра нясвіжскага князя, якая трапіла на аркушы старадаўніх рускіх летапісаў. Пазней гісторыкі і генеолагі на падставе ўскосных дадзеных выявілі, што Юрый Нясвіжскі верагодна з’яўляецца сынам гарадзецкага, затым пінскага князя Яраполка і ўнукам тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Як прадстаўнік княжацкай дынастыі Рурыкавічаў у пачатку XIII ст., у перыяд тэрытарыяльнай дробнасці на рускіх землях, Юрыю перайшоў ва ўладанні Нясвіжскі ўдзел.

Археолагі не здолелі выявіць месца знаходжання горада у XIII ст., і таму пэўная частка даследчыкаў лічыць праўдзівым выкарыстоўваць 1446 год як час, калі дакладна ўпершыню ўзгадваецца Нясвіж. Аднак ёсць верагоднасць, што першапачатковы Нясвіж мог знаходзіцца на тэрыторыі аднаго з гарадзішчаў на ўсход ад сучаснага горада. Такім чынам, да нашага часу няма яснасці ў пачатковай гісторыі Нясвіжа, тым не менш гэта не перашкодзіла ў 1992 годзе на алеі ў Старым парку размясціць бюст Юрыя Нясвіжскага.

Бюст Якуба Коласа

Бюст усталяваны ў гонар народнага паэта Беларусі і класіка беларускай літаратуры Якубу Коласу. Будучы пісьменнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч нарадзіўся на радзівілаўскіх землях недалёка ад Стоўбцаў. З 1898 па 1902 год ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Час, праведзены ў горадзе, станоўча паўплываў на творчасць пісьменніка, напоўніў яго новымі яркімі вобразамі, якія пасля былі рэалізаваны ў творах паэта. Лічыцца, што сюжэт адной з самых вядомых яго паэм, "Сымон-музыка", можа быць навеяны ў тымліку і ўспамінамі пра Нясвіж.

Пасля нясвіжскага перыяду будучы класік працаваў настаўнікам у школах на Палессі, знаходзіўся ў турэмным зняволенні за грамадскую дзейнасць. Пасля Першай сусветнай вайны Якуб Колас напісаў мноства твораў, якія сталі класікай беларускай літаратуры. У 1926 годзе яму было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.

Сёння імем Якуба Коласа названы Нясвіжскі дзяржаўны каледж і адна з вуліц горада. У 1992 годзе ў памяць пра класіка быў усталяваны гэты бюст.