Паркі

Ландшафтныя паркі Нясвіжа – вялікі культурна-гістарычны здабытак, адмысловая з'ява ў паркавым дойлідстве Беларусі. У радзівілаўскіх парках знайшлі выдатнае адлюстраванне і атрымалі ўвасабленне асноўныя еўрапейскія стылі садова-паркавага мастацтва.

Памятны валун "Камень жаданняў"

Самы вялікі ў Старым парку памятны валун знаходзіцца недалёка ад увахода, у бок узбярэжжа возера. На ім Антоній Вільгельм Радзівіл увекавечыў заслугі сваёй жонкі: «... У знак прызнання за шматгадовую працу па ўпрыгожванні замка Марыі дэ Кастэлян, княгіні Радзівіл камень гэты паставіў у 1903 годзе яе ўдзячны муж князь Антоній Радзівіл, XIV ардынат Нясвіжскі». Гэты помнік шлюбнай любові ўжо ў савецкі час стаў называцца «каменем жаданняў»: кажуць, калі да яго дакрануцца, пакінуць у адной з разшчэлін гэтага камня манетку або банкноту і загадаць жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца. Менавіта з гэтай прычыны памятны камень папулярны сярод турыстаў.

Непадалёк, каля летняй кавярні, увагу адразу прыцягвае падобны, але значна меншы камень з высечаным на ім старадаўнім надпісам на польскай мове: «Алею пасадзіла Марыя дэ Кастэлян, княгіня Радзівіл, выкарыстоўваючы саджанцы, выгадаваныя з насення, прывезенага з саду Берлінскага палаца князёў Радзівілаў». Гэты памятны знак таксама быў усталяваны ў 1903 годзе Антоніем Вільгельмам Радзівілам у знак удзячнасці сваёй жонцы за працу па стварэнню парка. Іх ўсталяванне — важны элемент развіцця Радзівіламі сваіх паркавых угоддзяў, якое працягвалася аж да самага 1939 года.

Парк Антонія

На большасці графічных і жывапісных выяў XIX стагоддзя Нясвіжскі замак атачаюць толькі рэдкія выпадковыя дрэвы. Яшчэ з часоў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі тэрыторыя вакол замка па ўсіх законах ваеннага мастацтва была расчышчана для паляпшэння агляду і магчымасцяў абстрэлу. Толькі ў пачатку XIX стагоддзя, калі палац канчаткова страціў сваё абарончае значэнне каля ўмацаванняў высадзілі дрэвы. Аднак комплекс паркаў быў закладзены яшчэ пазней з ініцыятывы Марыі Радзівіл дэ Кастэлян. У 1878 годзе пад яе кіраўніцтвам быў закладзены шэраг паркаў. Самы першы з іх, разбіты вакол замка, быў названы Антоніевым у гонар мужа Марыі, князя Антонія Радзівіла, які быў ініцыятарам аднаўлення нясвіжскай рэзідэнцыі пасля дзесяцігоддзяў запусцення.

У парку Антонія было ўпарадкавана размяшчэнне дрэў на былых знешніх лініях абароны, высаджвалі экзатычныя расліны. Дрэвы з’явілісянават на валах замка; тут жа былі разбітыя клумбы з кветкамі.

На жаль, менавіта гэты парк больш за іншыя пацярпеў, вялікая яго частка да сённяшняга дня не захавалася. Цяпер на месцы, дзе раней раслі рэдкія ў нашых шыротах дрэвы і хмызнякі, размяшчаюцца гаспадарчыя пабудовы, басейн і аўтастаянка. Усё гэта было пабудавана пасля вайны, у перыяд, калі палац быў аддадзены пад санаторый.

Стары парк

Стары парк быў закладзены ў 1878 годзе на поўнач ад замка. Да перабудовы Нясвіжа Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам тут была забалочаная мясцовасць, аднак пасля будаўніцтва сістэмы дамбаў узровень грунтавых вод падняўся, а забалочаныя ўчасткі былі неўзабаве асушаныя. Доўгі час большая частка тэрыторыі аніяк не выкарыстоўвалася. Уладзіслаў Сыракомля, апісваючы Нясвіж у 1830-я гады, згадваў пра запушчаны стан прылеглых да замка земляў. Вядома, што адзіным асобным дрэвам на тэрыторыі будучага парка была канадская таполя, пасаджаная ў пачатку XIX стагоддзя.

У 1878 годзе Марыя Дарота Радзівіл дэ Кастэлян мэтанакіравана стварае паркавы ансамбль. Марыя прывезла з сабой з Францыі моду на паркі новага тыпу, якія грунтаваліся на перайманні натуральнага афармлення лясных масіваў. Большую частку дрэў у Старым парку пасадзілі ў канцы XIX стагоддзя. Насенне і саджанцы дастаўляліся з найлепшых лясніцтваў Беларусі, а таксама з Берліна. З моманту заснавання парка і да 1912 года галоўным яго садоўнікам быў Андрэй Пастарэмчык. Менавіта ён займаўся рэалізацыяй задум Марыі дэ Кастэлян на працягу 34 гадоў. Пасля садоўнікам Радзівілаў былі бацька і сын Стоцкія, а таксама Антоній Глінскі. Апошні аддаў парку не адзін год, і нават калі парк разам з палацам стаў часткай савецкага санаторыя, Глінскі застаўся даглядаць яго.

Аснову Старога парка склаліся тры паляны – Спартыўная, Цэнтральная і Выставачная. На Спартыўнай паляне да канца 1930-х гадоў стаяла альтанка, тут жа знаходзіліся тэнісныя корты. Да канца 1920-х на Выставачнай паляне, каля найстарэйшай таполі, існавала традыцыя ладзіць кірмаш. У час Другой сусветнай вайны фашысты абралі парк пад месца знішчэння паўтары тысячы нясвіжскіх габрэяў, якіх расстралялі тут 23 кастрычніка 1941 года. Пасля вайны ў палацы адкрылі санаторый, парк ўпрыгожылі тыповымі савецкімі паркавымі скульптурамі, а шэраг даўнейшых помнікаў дэмантавалі. У 1963 годзе паркавы комплекс нарэшце быў абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, аднак толькі ў 1980-я гады ў занядбаным парку пачаліся поўнамаштабныя аднаўленчыя работы, якія вярнулі яму былую прыгажосць.

Японскі парк

У 1913 годзе садоўнік Радзівілаў, які прыехаў з Вялікабрытаніі, узяўся за стварэнне новага парка. Тэрыторыю на поўнач ад Старога парка было вырашана арганізаваць у японскім стылі. Планавалася стварыць вузкія звілістыя дарожкі, сад з карлікавых дрэваў і хмызнякоў, а таксама мастацкія кампазіцыі з камянёў. Аднак пачалася Першая сусветная вайна, і задуманае не было рэалізавана ў поўным аб'ёме.

Кінутыя без дагляду карлікавыя дрэвы хутка выраслі ў натуральную велічыню, вярбовая і ліпава-каштанавая алеі захаваліся толькі часткова. Сёння японскі парк – гэта маляўнічы луг з нешматлікімі дрэвамі. Яго цяперашні выгляд вельмі далёкі ад задумак пачатку XX стагоддзя. У паўночнай частцы парка знаходзіцца зарослы чаротам і хмызняком вадаём з мініяцюрным астраўком, куды можна трапіць праз маленькі мосцік.

Каля вадаёма знаходзіцца невялікая парадная прыстань, якую ахоўваюць два каменныя ільвы. Пачынаючы з эпохі Адраджэння, у еўрапейскім мастацтве і архітэктуры фігуры львоў выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў аздаблення уваходаў ў палацы, а таксама дэталяў паркавых, палацавых і гарадскіх фантанаў. Першы нясвіжскі ардынат, заснавальнік замка Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка натхняўся архітэктурай Італіі, якую ён часта наведваў у канцы XVI ст. У Нясвіжскім палацы таксама выкарыстоўвалі выявы львоў, у прыватнасці, у якасці аздобы каміна.

За агароджай паркавага комплекса і невялікім полем на поўнач ад Японскага парка знаходзіцца пакрытая лесам Папова горка, дзе, магчыма, да XVI стагоддзя знаходзіўся драўляны замак, папярэднік сучаснага каменнага.

Англійскі парк

У канцы XIX стагоддзя на другім беразе Замкавага става размяшчаўся іпадром. У 1898 годзе Радзівілы вырашылі пашырыць паркавы ансамбль, і на поўдзень ад Марысінага з'явіўся Англійскі парк. Вялікую частку парка займаў газон, а нешматлікія дрэвы ў цэнтральнай частцы былі высаджаныя ў шахматным парадку. Межы парка з трох бакоў, за выключэннем берага сажалкі, былі абсаджаны дрэвамі. Дзякуючы гэтай адкрытай прасторы і цудоўных відаў на палац, Англійскі парк стаў ўлюбёным месцам для конных прагулак княжацкай сям'і і яе гасцей.

Паміж Марысіным і Англійскім паркамі размяшчаецца жывапісная дарога, што вядзе ад дамбы да выхаду з парку. Да сённяшняга дня практычна ў нязменным выглядзе захаваліся ўязная брама і вартоўня. Па абодва бакі ад брамы ўзвышаюцца велічныя дрэвы. Каля брамы i вартоўні праходзіць дубовая алея.

Марысін парк

У 1898 году, калі асноўная частка работ па ўладкаванню Старога парка была завершана, Марыя Радзівіл дэ Кастэлян засяродзілася на ўпарадкаванні другога берага Дзікага става. Там яна вырашыла стварыць новы парк, які быў названы Марысіным. Назва гэтага парку звязана не толькі з імем яго заснавальніцы, але і з рамантычнай легендай.

У сястры аднаго з Радзівілаў была дачка Марыя, дзяцінства якой прайшло ў маёнтку бацькоў паблізу Клецка. Дачка магутных магнатаў і сын простага селяніна Ян пасябравалі і яшчэ ў дзіцячыя гады далі клятву не разлучацца ніколі ў жыцці. Пасля ранняй смерці бацькоў, Марыю ўзялі на выхаванне ў Нясвіжскі замак. Гаспадары замка вырашылі ажаніць Марыю і свайго хворага сына і такім чынам далучыць багаты пасаг пляменніцы да багацця нясвіжскіх Радзівілаў.

У замку працавалі садоўнікі, майстры паркавай архітэктуры. Яны шукалі здольную мясцовую моладзь, якую пасылалі за мяжу, каб яны знаёміліся з паркавай культурай еўрапейскіх краін. У лік такіх трапіў і прыгажун Ян. Ён прабыў за мяжой чатыры гады, шмат чытаў, вывучыўся іграць на скрыпцы.

Ян і Марыя выпадкова сустрэліся ізноў. Маладыя людзі задумалі ўзяць шлюб без дазволу сваякоў. Іх таямніца стала вядомай гаспадарам замка, калі ў Марыі павінна было нарадзіцца дзіця, і яна вырашыла больш не хаваць свае пачуцці. Нясвіжскія гаспадары абвясцілі Марыю псіхічна хворай і змясцілі ў адну з вежаў замка. Там Марыя нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Марысяй. Але маці, якая яшчэ ляжала ў гарачцы, разлучылі з маленькай дачкой. Некалькі дзён няшчасная нічога не ведала пра лёс Яна і Марысі. Але аднойчы ноччу ў вежу прабралася пакаёўка і паведаміла, што Яна і маленькую Марыю забілі. Бедная маці рвала на сабе валасы, так крычала ад болю і роспачы, што хутка страціла сілы і прытомнасць. Пры двары паведамілі, што яна памерла ў выніку псіхічнага захворвання і як мага хутчэй пахавалі. Так трагічна абарвалася жыццё закаханых. Але памяць аб іх жыла сярод людзей. 

Да гэтай легендзе звярнулася і Марыя дэ Кастеллян пры закладцы гэтага парку, і рэстаўратары пры яго рэканструкцыі.
Асноўную працу па стварэнні Марысінага парка правёў галоўны садоўнік Андрэй Пастарэмчык. У Марысіным парку вялікая ўвага надавалася стварэнню маляўнічага ландшафту. Тут размяшчаецца цэлая сістэма жывапісных каналаў ,штучны ручай і сажалка з востравам. У сэрцы парка размешчаны кляновыя і ліпавыя алеі, якія сыходзяцца каля абеліска.

Паблізу берага сажалкі праходзіць канал, які некалькі сотняў метраў праходзіць пад зямлёй і злучаецца з Круглай сажалкай. Падземны канал некалькі разоў выходзіць на паверхню і, згодна з сучаснай канцэпцыі парка, называецца «Падземнай ракой Стыкс». Стыкс – так згодна са старажытнагрэчаскай міфалогіі называлася падземная рака, якая аддзяляла Аід, царства мёртвых, ад свету жывых. Стыкс і Круглая сажалка размяшчаюцца ніжэй за ўзровень Дзікай сажалкі, таму паміж імі існуе серыя невялікіх дэкаратыўных вадаспадаў.

У Марысіным парку акцэнт быў зроблены на стварэнні непаўторнай лірычнай атмасферы. Як помнік рамантычным легендам з'явіўся астравок пасярод ціхага стаўка, які атрымаў назву Востраў Кахання. Пазней, падчас рэканструкцыі парку ў 1980-х гадах на Востраве Кахання была ўсталяваная скульптура, якая паказвае двух закаханых – своеасаблівая ілюстрацыя легенды пра князёўну Марысю. Атачае скульптуру антычная каланада, якая падкрэслівае арыстакратычнае мінулае паркаў.

У сярэдзіне Марысінага парку захаваўся чатырохгранны абеліск з флюгерам, на якім напісана: «Marysin 1898» ў памяць аб закладцы парку.Тут калісьці быў невялікі вадаспад пад назвай "Слёзы Марыі", ручай, які меў такую ж назву, і вялікі камень з дзіркай пасярэдзіне, які лічыўся "Пярсцёнкам Марыі". Недалёка ад абеліска, на другім беразе стаўка, знаходзілася бронзавая скульптурная група – фантан «Георгій Пераможца забівае змея». З раны пераможанай пачвары цякла вада. На жаль, фантан не захаваўся. Недалёка ад абеліска паміж дрэў бачная белая фігура – гэта скульптура, якая паказвае легендарную князёўну Марыю. Турысты не часта турбуюць яе спакой: Марысін парк – самая ціхі і рамантычны з усіх нясвіжскіх паркаў.