Паркавая скульптура

Вазы

Уздым нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў і рост цікавасці да гісторыі і культуры знайшлі адлюстраванне ў элементах афармлення парка. Прыкладна да 1992 года каля Замкавай сажалкі з'явіліся тры рэльефныя металічныя вазы. Адна з іх прысвечана Радзівілам і мае на сабе іх радавы герб, а таксама герб Вялікага княства Літоўскага, чыімі вернымі сынамі і абаронцамі былі нясвіжскія князі. Над гербамі на латыні напісаныя словы "Слава" і "Перамога".

Другая ваза прысвечана Грунвальдскай бітве 1410 года, калі аб'яднаныя войскі Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага нанеслі поўнае паражэнне войскам Тэўтонскага ордэна, паклаўшы канец двухсотгадовай небяспекі. Гэтая бітва стала прыкладам доблесці для наступных пакаленняў і натхняла іх на подзвігі ў цяжкія часы. На выяве бачныя фігуры воінаў Вялікага княства Літоўскага, якія дабіваюць тэўтонскіх рыцараў.

Трэцяя ваза ўсталявана ў памяць нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1794 і 1863 гадоў. Радзівілы ніколі не заставаліся ў баку ад справы абароны Айчыны. Так, у паўстанні 1794 актыўны ўдзел прынялі Мацей і Антоній Генрык Радзівілы, а генерал Міхаіл Гедэон Радзівіл, прыхільнік Касцюшкі, быў адным з лідараў польскіх інсургентаў падчас паўстання 1830-1831 гадоў. Шляхта і сяляне выяўленыя разам, што сімвалізуе адзінства народа ў жаданні дамагчыся свабоды і незалежнасці. Над фігурамі касінераў – паўстанцаў-сялян, узброеных косамі, – надпіс: "За нашу і вашу свабоду". Дэвіз вызваленчага руху зроблена дзвюма варыянтамі беларускага алфавіту – кірыліцай, прынятай зараз, і лацінкай, якая была папулярнай у пачатку ХХ стагоддзя.

Кампазіцыя "Калодзеж Ундзіны"

Стары парк упрыгожвае скульптурная кампазіцыя "Калодзеж Ундзіны". Калодзеж пазначае месца крыніцы, у якой жыла легендарная вадзяная німфа-багіня. Мясцовыя сяляне, якіх пры Радзівілах пускалі ў парк на сенакос, называлі гэта месца "Гарачы лужок" – у гэтым месцы з-пад зямлі біла некалькі струменяў, якія не замярзалі нават зімой. Адна з крынічак была ўзята ў каменнае апраўленне і названая "Калодзежам Ундзіны" – пра гэта вяшчае памятны камень, усталяваны ў часы Антонія Радзівіла. Ручай, які бяжыць з гэтай крынічкі, быў ператвораны ў акуратны канал, які заканчваўся цяністай сажалкай. На валуне ля Люстраной сажалкі, куды збіралася вада крыніцы, ўсталяваная скульптура русалкі з двума хвастамі.

У легендах народаў Еўропы ундзінамі называлі духаў вады, русалак. Лічыцца, што гэта духі маладых жанчын, якія скончылі жыццё самагубствам з-за няшчаснага кахання. Гэтыя прыгожыя дзяўчаты, часам з рыбінымі хвастамі выходзяць з вады, расчэсваюць свае цудоўныя валасы, спевам і прыгажосцю завабліваючы падарожнікаў ў водныя глыбіні. Ундзіны могуць загубіць сваіх ахвяр ці зрабіць сваімі каханкамі ў падводным царстве. Лічыцца, што калі ўндзіны народзяць дзіця ад зямнога чалавека, то змогуць здабыць несмяротную душу. 

Адзін з самых вядомых і эксцэнтрычных уладальнікаў Нясвіжскага замка Караль Станіслаў па мянушцы "Пане Каханку", апроч іншага, славіўся сваёй любоўю да неверагодных гісторый. Так, ён любіў распавядаць, як падчас падарожжа па Адрыятычным морыяго карабель пайшоў на дно. Уся каманда загінула, і толькі князя выратавала русалка. Выратавальніца закахалася ў Радзівіла, і плёнам іх кахання, калі верыць князю, стала мноства селядцоў. Распавёўшы гэтую гісторыю на чарговым балі, Пане Каханку любіў ашаламіць гасцей, уважліва разглядаючы пададзеную яму рыбу: а ці не яго гэта сынок?

Першая таполя і сонечны гадзіннік

З пачатку XIX стагоддзя на поўнач ад замка, у месцы, дзе зараснікі балотных хмызнякоў суседнічалі з палеткамі, расла канадская таполя. Сёння ўжо ніхто не памятае, у гонар якой падзеі з’явілася гэта буйное і экзатычнае для Беларусі дрэва. Аднак менавіта вакол яго ў 1878 годзе па ініцыятыве Марыі Дароты дэ Кастэлян Радзівіл, разбілі парк, што сёння вядомы як Стары. Таполя стала адным з ключавых аб'ектаў Азярыны. У памяць аб тым, што ў момант закладкі парку тут стаяла толькі гэтае дрэва, Марыя дэ Кастэлян загадала ўсталяваць памятны камень. Да пачатку 1930-х гадоў на лужку ля таполі праводзіліся кірмашы. З часам, аднак, парк прыходзіў у заняпад, і доўгі час заставаўся практычна без нагляду. У наш час невядомыя распалілі ў дупле таполі вогнішча, пасля чаго яна практычна загінула, а ўвесну 2005 г. была павалена парывам ветра. У 2009 годзе на месцы, дзе раней стаяла таполя, была ўсталяваная памятная кампазіцыя. Верагодна, гэта адзіны ў Беларусі помнік дрэву.

Непадалёк, на паляне, знаходзіцца сонечны гадзіннік. Сонечныя гадзінікі былі ўлюбёным элементам упрыгожання еўрапейскіх паркаў, яны выконвалі важную функцыю вызначэння дакладнага часу.

У 1993 годзе быў ўсталяваны падобны сонечны гадзіннік, які стаіць на Выставачнай паляне. Аднак сёння ён паказвае час, які адрозніваецца ад часу па Грынвічу на 2 гадзіны. Гэта звязана з тым, што тады гэта было летнім часам для Беларусі. Але пасля таго, як у 2011 годзе ў Беларусі адмянілі перавод стрэлак вясной і ўвосень, гадзіннік стаў паказваць няправільны час не толькі зімой, але і ўлетку. Цяпер ён паказвае час для Германіі, Польшчы і Чэхіі з красавіка па кастрычнік, а з лістапада па сакавік – для Украіны і Літвы. А калі дадаць да паказанняў стрэлкі-ценю адпаведна адну і дзве гадзіну, то можна даведацца час у Нясвіжы улетку і зімой.

Паляўнічы сабака

Скульптура сабакі ў Старым парку была ўсталявана ў 1896 годзе. Гэты помнік быў адноўлены на ранейшым месцы пры рэканструкцыі парка. Легенда распавядае, што падчас палявання паранены князем мядзведзь ледзь не расправіўся са сваім крыўдзіцелем самым рашучым чынам і толькі любімы сабака паспяшаўся на дапамогу князю. Сабака адцягнуў на сябе ўвагу раз'юшанага звера, чым выратаваў жыццё гаспадару, але загінуў сам. Удзячны князь загадаў увекавечыць свайго выратавальніка ў бронзе. Сабака паўстае перад намі седзячы на вянку з дубовага лісця, якім ўзнагароджвалі ў старажытнасці за асаблівыя подзвігі, а на шыі ў яго – медальён з Радзівілаўскім гербам.

У гады савецкай улады помнік знішчылі – ці то з ідэйных меркаванняў, ці то дзеля кашотоўнай бронзы. У 1993 годзе помнік аднавіў скульптар Валерыян Янушкевіч. На пастаменце размешчана арыгінальная дата, каб падкрэсліць пераемнасць гэтых скульптур.

Хлопчык і анёл-ахоўнік

Скульптура хлопчыка з дудачкай, за спіной якога бачна фігура анёла-захавальніка навеяна распаўсюджаным у беларускіх паданнях вобразам маладога музыкі, а таксама літаратурным героем з "Сымона-музыкі" – аднаго з найбольш вядомых твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Паэма прысвечана беднаму таленавітаму музыку, які ў цяжкіх абставінах шукае сваю долю. Гэты вобраз – сімвал няпростага лёсу мастака ў прагматычным свеце, а таксама шляха беларускай нацыі да свайго прызнання і дабрабыту. Уважлівы чытач паэмы заўважыць, што некаторыя сцэны разгортваюцца ў Нясвіжскім замку і парку. Гэта не дзіўна: сам Якуб Колас, які нарадзіўся непадалёк – пад Стоўбцамі, некалькі гадоў жыў у Нясвіжы падчас вучобы ў настаўніцкай семінарыі і не мог не пазнаць і не палюбіць гэты горад.

Чорная Панна

Адной з самых прыгожых і містычных легенд Нясвіжа з'яўляецца легенда пра Чорную даму. Заснавана яна на рэальных падзеях. Барбара з роду Радзівілаў рана страціла бацьку, а ў хуткім часе і мужа. Аднак яе самота доўжылася нядоўга: прыгажосць Барбары зачаравала самога каралевіча Жыгімонта Аўгуста. Яго маці Бона Сфорца была катэгарычна супраць развіцця адносін паміж каханкамі. Яна люта ненавідзела "выскачак" Радзівілаў і шукала ў жонкі для свайго сына дзяўчыну з каралеўскай дынастыі. Аднак сваякі Барбары таксама мелі свае амбіцыі. Падчас сустрэчы закаханых раптоўна ў пакой уварваліся браты і запатрабавалі ад каралевіча жаніцьбы з Бабарай. Барбара стала жонкай Жыгімонта, а пасля, у снежні 1550 года, была каранаваная. Аднак праз шэсць месяцаў яе не стала. Казалі, што маці караля, так і не дараваўшы нявестцы, атруціла яе.

На аснове гэтай гісторыі кахання пазней з'явілася легенда пра Чорную даму Нясвіжа. Кароль пасля смерці жонкі так пакутаваў, што вырашыў шукаць дапамогі ў чарнакніжнікаў, якім загадаў выклікаць яе душу. Алхімікі Твардоўскі і Мнішак пагадзіліся дапамагчы, але забаранілі каралю нават набліжацца да ценю каханай. Але як толькі з'явілася здань, кароль насуперак сваёй клятве, кінуўся да яе і паспрабаваў абняць. Пачуўся выбух і па памяшканні распаўсюдзіўся трупны пах. Цяпер душа Барбары не магла знайсці дарогу ў свет мёртвых, і ёй наканавана навекі застацца на зямлі. Яна пасялілася ў Нясвіжскім замку. З таго часу перад жывымі яна з'яўляецца ў чорнай вопратцы ў знак жалобы па сваёй загубленай любові, стогне, плача, галосіць. У замку лічылі, што прывід папярэджвае ўладальнікаў, калі ім пагражае якая-небудзь небяспека: вайна, хвароба, альбо смерць.