Выстава Ганны Сілівончык “Замалёўкі з натуры”

02.02.2017

       З 31 студзеня па 8 сакавіка 2017 года ў выставачнай зале Інфармацыйна-кассавага цэнтра пройдзе выстава работ сучаснай мастачкі Ганны Сілівончык.
     Ганна Сілівончык належыць да ліку найбольш яскравых асобаў у асяроддзі маладых беларускіх жывапісцаў.
      Мноства разнастайных персанажаў – дзеці, закаханыя, людзі-жывёлы, людзі-птушкі, людзі-анёлы, львы і міфалагічныя істоты-аднарогі, сірэны, драконы – засяляе своеасаблівы і нерэальны свет твораў Ганны. Гэта свет казак розных народаў. Гэта дзіцячыя фантазіі і сны, якія ажылі. Гэта разважанні аб простых і вечных чалавечых пачуццях – каханні, шчасці, радасці, нараджэнні новага жыцця; аб нязменных законах прыроды – змене дня і ночы, часоў года, жыцця і смерці. Гэта думкі пра складанасці чалавечых узаемаадносін, доме, сям'і, пошуках сэнсу чалавечага існавання і асэнсаванне прынцыпаў светабудовы. Незвычайнае і неадназначнае злучэнне вобразаў і сэнсаў, якое стварае Ганна ў кожнай сваёй карціне, амаль заўсёды з некаторай доляй тонкага гумару, дае моцны эмацыйны зарад, здзіўляе сваёй метафарычнасцю, нараджае мноства нечаканых асацыяцый.
       Дзякуючы працы ў традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу, эксперыментам з рознымі выяўленчымі сродкамі, выкарыстанню фактуры і палатна, якое яна падбірае спецыяльна для кожнага твору, мастачка стварае ўласную экспрэсіўную жывую мову, у якой пераважаюць яркія, звонкія гукі-фарбы.