Выстава Усевалада Швайбы “Драпіроўкі дум”

09.03.2017

     З 9 сакавіка 2017 па 4 мая 2017 года ў выставачнай зале Інфармацыйна-кассавага цэнтра пройдзе выстава работ сучаснага мастака Усевалада Швайбы.

     У аўтарскай экспазіцыі каля 20 твораў жывапісу і графікі, якія ўяўляюць сабою багацце фарбаў і разнастайнасць сюррэалістычнай фантазіі аўтара і прысвечаных філасофскаму асэнсаванню света чалавечых пачуццяў. Кампазіцыі, прадстаўленыя ў праекце, – гэта сны, медытатыўныя і павольныя. У іх прысутнічае зачаравальная рытміка, чароўная музыка, якая нібы пульсуе ўнутры кожнай карціны. Яны зачароўваюць і вабяць у свае прасторы. Знаходзячыся ў пошуку паміж узаемасувяззю духоўнага і фізічнага светаў, мастак параўноўвае думкі чалавека з тканінай, якая развейваецца ад подыху ...

     Творчы шлях Усевалада Швайбы пачынаўся ў Мінскай мастацкай школе-ліцэі №26. У 2001 годзе ён стаў лаўрэатам 7-га Міжнароднага конкурсу мастацтваў і музыкі Такасакі. У 2006 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З гэтага ж года да цяперашняга часу Усевалад Міхайлавіч Швайба выкладае ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ на кафедры графічнага дызайну. У 2007 годзе паступіў у творчыя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры на аддзяленне графікі. З 2008 года з'яўляецца сябрам маладзёжнай секцыі Беларускага саюза мастакоў. Неаднаразова праходзілі выставы яго твораў у Беларусі і за мяжой. 
      Працы Усевалада Швайбы знаходзяцца ў фондзе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і ў прыватных калекцыях.