“Ваенная гісторыя дома Радзівілаў”

26.04.2017

     Музей-запаведнік “Нясвіж” традыцыйна некалькі разоў на год збірае даследчыкаў з Беларусі і замежжа на навуковыя мерапрыемствы, якія прысвечаны адметным падзеям гісторыі рода Радзівілаў. Сёлета міжнародная навуковая канферэнцыя была прымеркавана да сваеасаблівага юбілея – 270-годдзя заснавання Нясвіжскага кадэцкага корпуса, старэйшай навучальнай установы падобнага кшталту на тэрыторыі Беларусі. Для абмеркавання актуальных пытанняў ваеннай гісторыі і ролі прадстаўнікоў роду Радзівілаў у ваенных падзеях XVI – XIX стст., у Нясвіжы 20-21 красавіка сабраліся спецыялісты з Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Партнёрам мерапрыемства выступіў Польскі інстытут у Мінску.
       На жаль, тэма кадэцкага корпуса адступіла на другі план у сувязі са смерцю выдатнага беларускага гісторыка, даследчыка зброі, доктара навук Юрыя Мікалаевіча Бохана. Ён збіраўся прыехаць у Нясвіж з дакладам, але літаральна за тыдзень да пачатку канферэнцыі арганізатары атрымалі сумную вестку аб сыходзе з жыцця таленавітага даследчыка. Аддаючы належнае вялікаму ўкладу Юрыя Мікалаевіча ў айчынную навуку, было вырашана прысвяціць канферэнцыю памяці навукоўца, а само мерапрыемства пачалося з хвіліны маўчання.
       Усяго для ўдзелу ў канферэнцыі было накіравана 20 дакладаў, якія закранаюць розныя аспекты мілітарнай гісторыі: прыватныя войскі князёў Радзівілаў; ваенныя кар’еры прадстаўнікоў роду; замкавае будаўніцтва на землях Беларусі; адлюстраванне ваеннай гісторыі ў музейных калекцыях. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел як вядомыя навукоўцы, на рахунку якіх значны творчы даробак, так і даследчыкі, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуку. Грунтоўныя даклады агучылі  доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Бажэнава; доктар габілітаваны Ірэна Бенькоўска; кандыдаты гістарычных навук Алег Трусаў, Алег Дзярновіч, Мікола Волкаў, Ігар Кандрацьеў. Змястоўнасцю вылучаліся і паведамленні іх малодшых калег: магістра гістарычных навук Аляксандра Вашанава; аспіранткі Нацыянальнага ўніверсітэта "Львоўская палітэхніка" Мар’яны Верхатуравай; магістранта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Паўла Талмачова і іншых. Шэраг дакладаў быў падрыхтаваны супрацоўнікамі музея-запаведніка “Нясвіж”. Магістр мастацтвазнаўства, малодшы навуковы супрацоўнік Уладзімір Караленак падрабязна асвятліў вайскова-палітычную кар’еру 13-га нясвіжскага ардыната Вільгельма Радзівіла (1797–1870). Старшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Яраш на падставе архіўных дакументаў зрабіў спробу рэканструіраваць кар’еры афіцэраў прыватнага войска Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Намеснік дырэктара Сяргей Егарэйчанка падзяліўся новымі звесткамі пра радзівілаўскія артэфакты ў музейных калекцыях Еўропы і Амерыкі.
       Амаль кожнае выступленне спараджала актыўнае абмеркаванне і дыскусію, з-за чаго давялося некалькі парушыць рэгламент, аднак такое адхіленне ад праграмы не выклікала нараканняў з боку прысутных. 
Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі “Ваенная гісторыя дома Радзівілаў” плануецца надрукаваць у чацвёртым томе зборніка навуковых прац ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” “Acta anniversaria”.