Фотавыстава «Даследчык у аб'ектыве»

28.04.2017

З 5 мая па 3 чэрвеня 2017 года ў выставачнай зале Інфармацыйна-касавага цэнтра праходзіць фотавыстава «Даследчык у аб'ектыве». Фотаздымкі, прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі, адлюстроўваюць працэс даследчых работ у нясвіжскім касцёле Божага Цела ў 2016 годзе, якія праводзіліся ў рамках сумеснага праекту Літвы і Беларусі па ахове культурнай спадчыны.

У Радзівілаўскай крыпце размешчаны 72 пахаванні прадстаўнікоў княжацкага роду, што робіць яе трэцяй па памеры радавой пахавальняй ў Еўропе пасля пахаванняў Бурбонаў і Габсбургаў. У ХХ стагоддзі даследаванні крыпты праводзіліся тройчы – у 1905, 1953 і 1999 гадах. У цяперашні час паўстала рэзкая неабходнасць зменаў умоў утрымання крыпты ў сувязі з выбуховым ростам турыстычнай плыні. Па статыстыцы, да 300 тысяч чалавек у год наведваюць аб'ект, што правакуе ўзнікненне шматлікіх рызык у захаванасці помніка, не прызначанага для падобнага выкарыстання.У 2016 годзе быў рэалізаваны сумесны праект Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь "Даследаванне і канцэпцыя прыстасавання да наведвання пахавальні княжацкага роду Радзівілаў у крыпце нясвіжскага касцёла» паводле Праграмы супрацоўніцтва ў галіне культуры паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі на 2016 – 2018 гг. У рамках гэтага праекта праводзіліся натурныя даследаванні крыпты на прадмет сучасных умоў яе ўтрымання і эксплуатацыі. Літоўскімі і беларускімі спецыялістамі былі праведзены гістарычныя даследаванні, антрапалагічныя пошукі прадстаўнікоў роду, якія спачываюць у саркафагах крыпты, даследаванні паліхромных роспісаў на сценах пахавальні, была зроблена ацэнка тэмпературна-вільготнаснага рэжыму.