Ноч музеяў - 2017

11.05.2017


13 мая 2017 года (субота), Нясвіжскі Палац Радзівілаў, 19.00-22.30
Нясвіжскі Палац Радзівілаў, Музычны Дом “Класіка”запрашаюць Вас адзначыць мiжнародную акцыю 
“Ноч музеяў”-2017 у Нясвіжскім Палацы Радзівілаў 13 мая!

        Запрашаем на вялікі вячэрні “Праменад па Нясвіжы ў стылі 20-30-х гг. ХХ ст.  - KINEMO, ASTROFIZYKA, JAZZ”, падчас якога Вы апынецеся ў Заходняй Беларусі першай паловы мінулага стагоддзя. Вы зможаце акунуцца ў атмасферу міжваеннага жыцця, дазнацца, што ўяўляў сабою Нясвіжскі палац таго часу, як выглядалі беларускія гарады і мястэчкі, што хвалявала іх жыхароў. Канферанс’е і шэф Праменада – Віктар Шалкевіч – акцёр, паэт і шоўмэн, а таксама паліглот і музыка – падорыць святочны настрой і сюрпрызы.
   Штогод на “Ноч музеяў” экскурсійны маршрут па Палацы становіцца супернетрадыцыйным, нават для пастаянных наведвальнікаў музея. Ноч 13 мая – не выключэнне! Вы пабываеце ў такіх месцах, куды не водзяць звычайныя экскурсіі ў звычайныя дні. Зачыненыя дзверы палацавых пакояў будуць перад Вамі гасцінна расчынены. І толькі ў гэту ноч Вас будуць сустракаць гаспадары Нясвіжскага Палаца – Альбрэхт Антоній Радзівіл і яго дачка Эльжбета. Дарэчы, сапраўднай Эльжбеце Радзівіл сёлета споўніцца 100 гадоў! Але ў гэту ноч Вы ўбачыце перад сабой юную, прыгожую дзяўчыну, якая завітала ў госці да бацькі, пакінуўшы дзеля гэтага Парыж і Лондан. А ў сутарэннях Палаца Вы сустрэнецеся з лекарам-алхiмiкам.
Святочную атмасферу вечара будзе ставараць гурт Дзіксілэнд JuicyJazz, на чале з вядомым саксафанiстам Віталём Ямуцеевым, які выканае амерыканскую i заходнееўрапейскую музыку. А спецыяльныя госці свята – Школа амерыканскіх танцаў “KACHELI” – пакажуць, як правільна таньчыць swing, jazz, blues, а таксама правядуць майстар-класы і навучаць заморскім танцам гасцей Праменада.
       На Праменадзе, ва ўнутраным дворыку Палаца, можна будзе паглядзець праграму з залатога фонда нямога кінематографа з удзелам вялікіх комікаў – Чарлі Чапліна, Бастэра Кітана і Гаральда Ллойда. Увага! Усе стужкі суправаджаюцца жывой музыкай у выкананні сапраўднага піяніста-тапёра.
     Вас чакае адмысловая экспазіцыя EXPIRIMENTUS з прыборамі і прыстасаваннямі, якія раскрываюць сутнасць разнастайных дзіўных і прыгожых фізічных явішчаў. Усе наведвальнікі стануць сапраўднымі даследчыкамі і першаадкрывальнікамі невядомага.
Партнёр мерапрыемства турыстычная кампанія “Віаполь” праверыць Вашыя веды ў галіне гісторыі і геаграфіі на актывацыйнай пляцоўцы пад неардынарнай назовай – “Вялікая дэпрэсія”. Але не пужайцеся, бо менавіта тут Вы атрымаеце антыдэпрэсантыwink!        Таксама ўсіх гасцей Праменада чакаюць: аўтамабіль 1931 года выпуска, тэматычная фотазона “Паветраны шар” і буфет з прысмакамі і напоямі.
        Тэматыка і стыль “Ночы музеяў” у Нясвіжы  сёлета цесна звязаная з 20-30-мі гадамі мінулага стагоддзя яшчэ і таму, што ў палацавым комплексе адкрываецца вялікая і надзвычай цікавая  выстава, прысвечаная  тым часам. 13 мая Вы зможаце стаць першымі наведвальнікамі гэтай выставы і напоўніцу заглыбіцца ў побыт жыхароў Заходняй Беларусі міжваеннай пары. Завітаўшы ў выставачную залу Вы апынецеся на гарадской вуліцы, дзе дзейнічае пошта, банк, аптэка, школа, крамы, зможаце зазірнуць у кінатэатр і атэлье па пашыву моднага адзення.
•Заклікаем Вас далучацца да максімальна поўнага ўзнаўлення атмасферы першай паловы мінулага стагоддзя. Будзем радыя, калі Вы ўключыце ў сваё адзенне элементы вопраткі, аксэсуары, галаўныя ўборы 1920-1930-х гг. Гэта толькі падкрэсліць Вашу адметнасць сярод удзельнікаў святочнага Праменада.

•Традыцыйна мы Вас запрашаем здымаць відэа “Ночы музеяў” на любое тэхнічнае прыстасаванне. Па заканчэнні свята аб’явім конкурс відэаролікаў: “Мой Праменад па Нясвіжскім палацы 20-30х гг. ХХ ст.” Пасля конкурса аўтары трох найцікавейшых ролікаў атрымаюць падарункі ад Нясвіжскага Палаца, Туркампаніі “Віаполь” і Музычнага Дома “Класіка”. Вызначаць пераможцаў будзем на афіцыйнай старонцы фэйсбука Палаца Радзівілаў: https://www.facebook.com/Niasvizh/ з 15 па 25 мая 2017 года. Даслаць сваё відэа можна на электронную скрыню: niasvizh.pramenad@gmail.com


Дадатковая даведка: +37517-7020602
Кошт квіткоў: 16 руб. для дарослых, 12 руб. для дзяцей і студэнтаў
Квіткі можна набыць на сайце kvitki.by і ў касе Музея-запаведніка “Нясвіж”
 
#niasvizh2017