Выстава «Заходняя Беларусь: гісторыя штодзённасці»

16.05.2017

З 13 мая па 30 верасня 2017 г. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" запрашае наведаць выставу «Заходняя Беларусь: гісторыя штодзённасці». На ёй прадстаўлены некалькі сотняў экспанатаў з фондаў музея-запаведніка і яго партнёраў - прыватных калекцыянераў і музеяў Беларусі і Польшчы.

Галоўная мэта выставы расказаць і паказаць, як жылі ў Гродна, Слоніме, Нясвіжы, Брэсце, Баранавічах іншых заходнебеларускіх гарадах і мястэчках у 1920-1930-я гг. Гэты кароткі перыяд з поўным правам можна назваць «часам цішыні», калі скончылася адна сусветная вайна, а ў магчымасць другой ніхто не жадаў верыць. Людзі стаміліся ад войнаў, акупацыяў, рэвалюцый, частай змены ўладаў, нарэшце, атрымалі магчымасць заняцца стваральнай працай.

Для таго каб наведвальнікі змаглі акунуцца ў атмасферу мінулых гадоў, выставачныя залы аформлены ў выглядзе гарадской вуліцы. У кожнага, хто прыйдзе на выставу будзе магчымасць зазірнуць у банк (дзе прадстаўлена калекцыя манет і банкнот, што былі ў звароце ў гэты перыяд), на пошту, зайсці ў школу, прайсціся па крамах (асабліва рэкамендуем кніжную краму, дзе выстаўлена каля ста беларускіх выданняў міжваеннага перыяду), наведаць кравецкае атэлье, а таксама пазнаёміцца ​​з моднымі тэндэнцыямі 1930-х гг. Наўрад ці вас пакіне абыякавым кінатэатр, дзе на вялікім экране дэманструюцца кадры кінахронікі і мастацкіх фільмаў таго перыяду.

Акрамя гэтага вы ўбачыце унікальныя калекцыі арыгінальных дакументаў, фатаграфій і паштовак, на якіх адлюстраваны людзі і гарады Заходняй Беларусі.

Для жадаючых распрацавана спецыяльная экскурсія.

З 13 мая па 30 верасня 2017 г. у выставачных залах Палацавага ансамбля.

Кошт квітка - 3.00 BYN (Школьнікі і студэнты - 1.50 BYN)

Кошт экскурсійнага абслугоўвання (45 хвілін) - 4.00 BYN