Паляўнічы пікнік у Палацы Радзівілаў

08.09.2017

Паляўнічы пікнік у Палацы Радзівілаў

Закрыццё рэтра-сезона 

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і Музычны Дом “Класіка” запрашаюць вас 1 кастрычніка на “Паляўнічы пікнік у Палацы Радзівілаў” у Нясвіж. Увесь дзень у палацы рыхтуюцца да сустрэчы князя Луі з Манака. Альбрэхт Радзівіл са сваёй дачкой Эльжбетай падрыхтавалі дарагому госцю паляванне ў сваіх лясных абшарах. Мы станем сведкамі сустрэчы князя Манака – Луі і Альбрэхта Радзівіла. Пікнік перанясе нас у пачатак мінулага стагоддзя.  Антураж,  музыка,  элементы вопраткі, гісторыі, што будуць адбывацца – усё звязанае з тым часам.

Як казалі Радзівілы: “Ёсць час для палявання, а ёсць – для балявання”. Баляванняў не будзе ў гэты дзень, але святочны настрой і паляўнічыя гісторыі гарантаваныя. Спецыяльна запрошаныя госці – гурт паляўнічай музыкі BEKAS з Драгічына здзівіць  сваім  майстэрствам перадаваць гукі птушак і звяроў, а таксама паляўнічымі песнямі і музыкай.

Шэф пікніка – выбітны Віктар Шалкевіч парадуе жартамі і музычнымі сюрпрызамі. Напрацягу ўсяго дня ў дворыку палаца будуць адбывацца гульнi i забавы са смаргонскім мядзьведзем – выхаванцам Радзівілаўскай акадэміі. Пляцоўка Турысцкай кампаніі “Віаполь” не дасць засумаваць у восеньскай дэпрэсіі, а дэгустацыя чайных напояў сагрэе і ўзбадзёрыць. У турыстычным маршруце па пакоях вы сустрэнецеся з Эльжбетай Радзівіл і пачуеце паляўнічыя гісторыі і легенды, а таксама зазірнеце ў выставачную залу на рэтра-выставу, прысвечаную жыццю Заходняй Беларусі напачатку мінулага стагоддзя, якая ў гэты дзень завяршае сваю работу.

Прыязджайце да нас з роднымі і сябрамі, бо Нясвіжская зямля заўсёды радая вітаць дарагіх гасцей!

Квіткі: 16 руб. для дарослых, 8 руб. для школьнікаў і студэнтаў.

Тэлефоны для даведак: +375177020602, +37529 5518051, +37529 1903149