• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Міжнародная навуковая канферэнцыя «Алыка і Радзівілы ў гісторыі Украіны, Польшчы і Беларусі"

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Алыка і Радзівілы ў гісторыі Украіны, Польшчы і Беларусі"

27.09.2017

21-22 верасня 2017 г. у Луцку і Алыцы прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Алыка і Радзівілы ў гісторыі Украіны, Польшчы і Беларусі", у якой прынялі ўдзел шэраг вядомых даследчыкаў роду Радзівілаў.
На пленарным пасяджэнні з дакладам выступіў доктар, прафесар універсітэта ў Лодзі Тадэвуш Бернатовіч, чыё выступленне было прысвечана паркам «Фашонбург» і «на Турчынаве», якія месціліся каля Алыцкага замка ў часы князя Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі.
На першай секцыі «Княскі род Радзівілаў. Культурная спадчына Алыцы: праблемы захавання» прагучалі даклады, прысвечаныя даследаванням партрэтнай іканаграфіі нясвіжскіх ардынатаў Дамініка Гераніма, Антонія Генрыха і іх дзяцей.
Вельмі нечаканымі для ўдзельнікаў канферэнцыі сталі высновы дакладу гісторыка Эдмунда Радзішэўскага, аўтара кнігі "Радзівілы Вялікапольшчы». Ён вылучыў версію аб існаванні ў Элізы Радзівіл і будучага першага імператара Германскай імперыі дачкі.
Нацыянальны гісторыка-культурны музей запаведнік "Нясвіж" быў прадстаўлены дакладам малодшага навуковага супрацоўніка аддзела экспазіцыйна-выставачнай і навуковай дзейнасці Уладзіміра Караленка «Станіслаў Вільгельм Радзівіл - ардынат Давыд-Гарадоцкі».
Удзельнікам канферэнцыі былі прэзентаваны вынікі рэстаўрацыйных работ у калегіяльным касцёле Святой Тройцы ў Алыцы і адрэстаўраванае параднае палатно «Вянчанне князя Мікалая Радзівіла з Кацярынай Ганзага» сярэдзіны ХVIII ст. з Валынскага краязнаўчага музея. Таксама ўдзельнікі атрымалі магчымасць для агляду Алыцкага замка князёў Радзівілаў, які з'яўляецца рэжымным аб'ектам, у сувязі з існаваннем у ім псіхіятрычнай бальніцы.
Па выніках канферэнцыі чакаецца выданне зборніка артыкулаў.